Галоўная » Як перажывае пандэмію цыганскі пасёлак у Магілёве, дзе летась адбыліся масавыя затрыманьні

Як перажывае пандэмію цыганскі пасёлак у Магілёве, дзе летась адбыліся масавыя затрыманьні

Радыё Свабода наведала ў Магілёве пасёлак Грабянёва, дзе кампактна пражываюць прадстаўнікі цыганскай дыяспары, і пацікавілася, ці зьмяніла іхнае жыцьцё пандэмія каранавірусу.

У траўні 2019 году ў Грабянёве, як і ў іншых «цыганскіх паселішчах», праводзіліся масавыя затрыманьні па справе аб сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. Цыганоў падазравалі ў тым, што яны спрычыніліся да зьнікненьня міліцыянта. Пасьля кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава асабіста выбачылася перад імі за некарэктныя дзеяньні праваахоўнікаў. Травеньскія падзеі прыцягнулі ўвагу грамадзкасьці да адасобленага жыцьця цыганскай этнічнай меншасьці.

Сьцісла пра цыганоў

  • Першыя зьвесткі пра цыганоў на тэрыторыі Беларусі зафіксаваныя ў прывілеі Аляксандра Ягелёнчыка 1501 году. Ім дазвалялася качаваць па землях ВКЛ.
  • Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, цыганоў у Беларусі больш за 7 тысяч. Самі яны называюць іншую лічбу — блізу 60 тысяч.
  • Найвялікшая цыганская грамада — на Гомельшчыне: больш за 2,5 тысячы чалавек.
  • Афіцыйна працаўладкаванымі лічацца блізу 10 працэнтаў цыганскай меншасьці. Цыганы наракаюць, што іх не бяруць на працу з прычыны нацыянальнасьці.

Беларуска пра жыцьцё на Грабянёва: Тут усе баяцца каранавірусу

У Грабянёве жыве найбольшая ў Магілёве цыганская грамада. Паводле мясцовых цыганоў, першым аблюбаваў гэтую мясьціну больш за сто год таму цыганскі род Русаковых, які перабраўся ў Беларусь са Смаленшчыны. Цяпер у пасёлку блізу 100 цыганскіх сямей.

Грабянёва месьціцца на паўднёвай ускраіне гораду (ад цэнтру — 30 хвілін язды на грамадзкім транспарце). У шчыльнай прыватнай забудове па суседзтве стаяць дамы цыганоў і беларусаў. І тыя, і другія запэўніваюць, што жывуць яны дружна, а калі і здараюцца канфлікты, то стараюцца залагодзіць іх безь міліцыі.

«Усе баяцца каранавірусу, — тлумачыць адна зь першых суразмоўніц. — Як выпраўляюцца ў горад, дык у масках. Па пасёлку ж дазваляюць сабе хадзіць бязь іх. Дзяцей, вы ж гляньце, зусім няма на вуліцы. Яны па дварах. У школу іх не пускаюць».

На разьвітаньне жанчына адзначае, што «тутэйшыя цыганы даўно аселыя і многія працуюць. «Асабліва на іх паўплываў указ аб дармаедах».

Прыкмета часу: маска. На Грабянёва ня шмат хто ратуецца імі

Дзеці па хатах. Навучаньне дыстанцыйнае

Цэнтральныя вуліца пасёлку — Алтайская — бязьлюдная. З двароў зрэдку і ненадоўга выглядваюць гаспадары, каб, кінуўшы вокам па навакольлі, зноў схавацца за высокім парканам. У большасьці цыганскіх дамоў вароты ў двор расчыненыя.

Вароты ў двор да цыганоў расчыненыя. Беларусы свае вароты зачыняюць

«А ад каго нам зачыняцца?» — кажа маладая жанчына, мосьцячыся ў стары савецкі жыгуль. На гутарку з журналістам у яе няма часу.

«Сьпяшаюся ў школу напісаць заяву на дыстанцыйнае навучаньне, — тлумачыць яна. — Няхай мае пасядзяць дома. Сёлета для іх навучальны год скончыўся».

Вучацца тутэйшыя дзеці ў сярэдняй школе № 13. Наступная суразмоўніца, як і папярэдняя, ня бачыць асаблівай бяды, калі дзеці пасядзяць дома. Як будзе выглядаць дыстанцыйнае навучаньне, не ўяўляе.

«Нешта прыдумаюць настаўнікі», — кажа яна.

«Праз два месяцы скончыцца пандэмія — паеду на заробкі ў Расею»

Дзятва гуляецца ў дварах. Усьлед за дарослымі малыя выбягаюць на вуліцу, каб пасьля заўвагі вярнуцца назад.

«На нас каранавірус яшчэ не напаў. Гэта больш на рускіх, — адзначае малады мужчына, пераняты па дарозе ў краму. Ён кажа, што нядаўна прыехаў з Расеі з заробкаў — там хворых на каранавірус значна больш, чым у Беларусі. Як адкрыюць межы, зноў зьбіраецца падацца ў гастарбайтэры, бо «тут цыгану цяжка знайсьці працу». Спадзяецца, што пандэмія скончыцца праз два месяцы.

«Вядома ж, мы баімся захварэць, — працягвае ён. — Крый божа, вірус аб’явіцца ў нас, тады ўжо будзем адзін аднаго абмінаць і спадзявацца на мэдыкаў. Цяпер жа больш старыя ды дзеці сядзяць па хатах. Хто думае, што іх уратуе маска, дык ходзяць у ёй…»

«Цяпер нас хвалюе тое, што і ўсіх»

Цыганы жывуць у сваёй адасобленай супольнасьці. На пытаньні незнаёмага адказваюць неахвотна. Пра падзеі леташняга траўня памятаюць добра, але ў гутарцы з журналістам стараюцца абмінаць тэму «аблавы», як некаторыя называюць масавыя затрыманьні.

Характэрны пэйзаж грабянёўскіх вуліц: побач з дыхтоўным палацам-катэджам — драўляная хата

«Нас больш так не забіраюць, хоць хто яго ведае, як там будзе далей, — рэагуе на пытаньне пра леташнія падзеі адзін з суразмоўцаў. — Цяпер нас хвалюе тое, што і ўсіх іншых людзей, — каранавірус. Пра яго ўсе цяпер гавораць. Паратунку няма. І мы баімся. Куды ж падзецца…»

Адзіная на «цыганскую слабодку» крама. Пасялкоўцы кажуць, што каля яе раней віравала жыцьцё. З прыходам каранавірусу стала пустынна

«Бога трэба баяцца, а не каранавірусу», — далучаецца да гутаркі малады мужчына, якога прыяцелі выштурхнулі з кампаніі гаварыць з журналістам.

«Як наканавана, дык захварэю, — працягвае суразмоўца. — Мы баімся, што тут казаць. Асабліва непакояцца сем’і за дзяцей. Вы ж бачыце, вуліца бязь іх…»

Фота: Радыё Свабода