Галоўная » Як праходзілі затрыманні пасля выбараў у Магілёўскай вобласці

Як праходзілі затрыманні пасля выбараў у Магілёўскай вобласці

Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і ў турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.

 

„Дзьверы выламалі і адразу звалілі мяне з ног“

Аляксандар Чыгір, 48-гадовы бабруйчанін, былы дэпутат гарсавету:

„10 жніўня ўвечары я ішоў сустракаць жонку, якая працуе ў аптэцы. Убачыў, як людзі ў чорным затрымліваюць маладога чалавека. Ён сядзеў зь дзяўчынай у кавярні да яго падышлі, скруцілі рукі і пацягнулі ў бус. Затрыманьне зьняў на відэа. Потым гэтыя людзі ў чорным прыйшлі ў аптэку па мяне.

Пагрукалі ў дзьверы, загадалі адчыняць. Жонка тлумачыла, што ня мае права гэтага рабіць паводле правілаў інструкцыі, бо здае касу. Тады дзьверы выламалі. Уварваўшыся, адразу звалілі з ног мяне. Пазьней, калі вызваліўся, я даведаўся, што пацярпела ад іх і жонка. Яе ўдарылі па твары і адшурхнулі ў бок.

Аптэка, зь якой выцягнулі Аляксандра Чыгіра

Мяне выцягнулі за ногі па прыступках з аптэкі. Укінулі ў аўтазак. Білі ад аптэкі да самага аддзелу міліцыі дручкамі, нагамі, рукамі па галаве і тулаву. У аддзеле зьбіваньне працягвалася. Як вялі па лесьвіцы, дык падганялі дручкамі. Выдавалі аплявухі. Тыя, хто біў, прыгаворвалі: «Ну, што мянтоў на вілы?». Гэта, відаць, заводзілі сябе.

Зьбіваньне адбывалася на вачах у бабруйскіх міліцыянтаў. У гэтых людзей, якіх мы штодня бачым у горадзе, быў дужа добры настрой. Ім падабалася, як зьбіваюць людзей, якія ня могуць абараніцца.

Потым мяне кінулі ў малпоўню і адразу забылі. Гэта ж як канвэер: адны б’юць, другі афармляюць, а трэція ахоўваюць за кратамі. У мяне балелі тады і цяпер рэбры ды сьпіна. На ёй ёсьць драпіны. Балела галава і ногі. У міліцыі папрасіў дапамогі і мне далі болесуцішальную таблетку, а большага ў іх няма. Пагатоў, ні пра якую «хуткую» гаворкі і не было. Завезьлі ў ізалятар. Усе, хто быў са мною ў камэры, прайшлі праз такую экзэкуцыю і ўсім патрэбная была дапамога. Нас агледзеў тамтэйшы мэдык і праблемаў са здароўем ня выявіў.

Судзілі ў ізалятары. Працэс заняў хвіліну, мо троху больш. Гэта была фармальнасьць. Судзьдзя была ў масцы і сябе не назвала. Прысуды былі падрыхтаваныя. Чалавек 70 затрыманых трое судзьдзяў прапусьцілі праз канвэер за гадзіну. Мне прысудзілі 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Адседзеў 7 і цяпер свайго статусу ня ведаю. Мяне папярэдзілі: калі буду затрыманы, то судзіць будуць паводле крымінальнага кодэксу. Мяне, як забіралі, не тлумачачы за што, так і выпусьцілі. Прыйшлі ў камэру і сказалі: з рэчамі на выхад.

Па вызваленьні хадзіў у траўмапункт і там зафіксавалі пабоі, якія засталіся.

Тое, што са мною і многімі адбылося — гэта была помста таго, хто ведае, што выбары ён ня выйграў. Тыя людзі, якія захапілі мяне — прафэсійныя забойцы. Безумоўна, супраць мяне ўчынілі гвалт, але перажытае мною ні ў якае параўнаньне не ідзе з забойствамі трох чалавек. У мірнай Беларусі пралілася кроў і гэта самае жахлівае“.

 

„Міліцыянты нібы адурманеныя“

Магілёвец Сяргей Шарстабітаў, 32 гады:

„10 жніўня мяне затрымалі сілавікі ў чорным на плошчы Зорак каля кінатэатру «Радзіма». Я быў зь дзяўчынай і бачыў, як экіпіяваныя міліцыянты «зачышчалі» пляцоўку перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм» і прылеглыя сквэры.

Яны не давалі людзям ісьці на прыпынкі, а цясьнілі іх да кінатэатру, дзе стаялі падрыхтаваныя аўтазакі, якія і запаўнялі людзьмі. Калі схапілі маіх знаёмых, я падбег распытаць прычыну, але тут жа быў павалены. Білі нагамі. На мяне ўпаў міліцыянт, і я ім прыкрываўся, таму ягоным саслужыўцам дручкамі малаціць па мне было нязручна.

Потым закінулі ў аўтазак, і там працягваў біць нагамі ўжо адзін чалавек у чорнай форме. Ён крычаў, каб я лёг на жывот, але я ляжаў на сьпіне і закрываўся рукамі, як мог.

У выніку мне расьсеклі брыво і набілі на ім сіняк. Ззаду на галаве шматлікія абдзерыны ад берцаў. Сінякі па ўсім целе. Галёнка была распухлай і са зьдзёртай скурай.

Наладаваўшы аўтазак, нас завезьлі ў Кастрычніцкі аддзел міліцыі. Там мяне ня білі, бо я выконваў загады міліцыянтаў. Мне здалося, што яны былі адурманеныя. Пастаянна крычалі. Адзін камандаваў рукі за сьпіну, а другі — за галаву. Затрыманыя не разумелі, што рабіць.

У аўтазаку

Нас паставілі ў гаражы ўздоўж сьцяны з расстаўленымі нагамі і закладзенымі за галаву рукамі далонямі вонкі. Я бачыў, як іншых людзей білі. Там стаяла хуткая дапамога, і мэдыкі назіралі і маўчалі. Затым завялі ў актавую залю, дзе сядзелі шмат жанчын у форме, якія міла хіхікалі.

На мяне афармляў справу былы ўчастковы з майго раёну. Ён даводзіў, што злога мне не жадае і мяне не затрымліваў. Усе пратаколы складаліся паводле загадзя падрыхтаванай формы і абвінавачваньня: удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сваёй віны я не прызнаў.

Аўтазакам завезьлі ў ізалятар, дзе спыталіся, як сябе адчуваю (да гэтага пра мэдычную дапамогу гаворкі не было). Я папрасіў дапамогі. Мяне агледзелі і на хуткай без канвойных завезьлі ў лякарні. Зрабілі здымкі, супакоілі, што кровазьліцьця няма, і адпусьцілі.

Праз 5 хвілінаў затрымалі ўжо супрацоўнікі Ленінскага аддзелу міліцыі. Яны сказалі: зь лякарні паступіў сыгнал, што я зьбіты, таму мяне дапытаюць і адпусьцяць. Разьбіралася зь відавочнай грэблівасьцю сьледчая, якая не зважала, што ў мяне разьбітая галава і мне можа быць кепска.

У аддзеле прабыў да наступнага дня. Спачатку нас трымалі на калідорах, у даволі камфортных умовах, а потым перавялі ў «малпоўні». Там была кепская вэнтыляцыя і даводзілася ляжаць на падлозе, бо там лягчэй дыхалася.

Даведка пра стан здароўя Шарстабітава

Потым завезьлі зноў у ізалятар. У ім ужо не было месцаў, таму адправілі ў камэру турмы №4. 20 мэтраў да турмы нас перавозілі хвілінаў сорак. Але гэта дробязі, бо некаторыя правялі ў аўтазаку ўсю ноч.

У камэры нас было 16 чалавек. Я ня еў паўтара дня. Пілі ваду з-пад крана. Там ня білі.

12 жніўня маю справу разгледзела судзьдзя Вольга Краўчанка. Асудзіла на 6 сутак. Суд доўжыўся хвілінаў 10. Пасьля 4 сутак «амніставалі», але папярэдзілі: як затрымаюць яшчэ раз на несанкцыянаваных акцыях, то пасадзяць да 6 гадоў.

Фота: Радыё Свабода