Чаму ў Швэцыі было магчыма выбраць выразна іншую стратэгію змаганьня з каранавірусам, чым у большасьці эўрапейскіх краінаў?
На гэтае пытаньне паспрабавалі знайсьці адказ журналісты The New York Times, прадстаўляючы ў сваім рэпартажы ў цэлым нармальную карціну жыцьця ў Стакгольме, без сур’ёзных абмежаваньняў і карантынных захадаў.
Паводле аўтараў амэрыканскага выданьня, у швэдаў вельмі высокі ўзровень даверу да ўраду, дзяржаўных установаў і суграмадзян. Калі швэдзкі ўрад адмовіўся ад локдаўну як асноўнага мэтаду змаганьня з распаўсюдам COVID-19, ён менавіта разьлічваў на тое, што грамадзяне прыслухаюцца да ягоных рэкамэндацый, як паводзіць сябе ў часе эпідэміі, і прымусовыя захады не спатрэбяцца. І гэтае спадзяваньне апраўдалася.
У Швэцыі ўвесь час працуюць рэстараны, бары і гандлёвыя цэнтры, малодшыя дзеці ходзяць штораніцы ў школу. Каэфіцыент сьмяротнасьці ад каранавірусу складае 22 сьмерцяў на 100 тысяч чалавек, то бок такі, як у Ірляндыі, якая ўвяла жорсткія абмежаваньні на час пандэміі, і значна лепшы, чым у Вялікабрытаніі ці Францыі.
«Я ня бачу вялікай розьніцы ў статыстычных зьвестках у многіх іншых краінах. Я задаволены, што мы не пайшлі на локдаўн. Жыцьцё павінна працягвацца», — амэрыканскае выданьне цытуе прадстаўніка рэстараннага бізнэсу ў Стакгольме.
Швэды настолькі дысцыплінаваныя, піша The New York Times, што паліцыя амаль не выпісвае штрафаў за парушэньне ўрадавых рэкамэндацыі ці за парушэньні правілаў сацыяльнай аддаленасьці, абмяжоўваючыся ўсяго вусным напамінам. Ня трэба насіць масак, і на мінакоў у масках швэды глядзяць так, быццам тыя «толькі што прызямліліся з Марса».
У мінулую нядзелю, адзначае газэта, пяць рэстаранаў былі зачыненыя за невыкананьне патрабаваньняў сацыяльнага аддаленьня. Аднак яны ня будуць аштрафаваныя, і ім дазволяць зноў адчыніцца пасьля праходжаньня інспэкцыі.
Гэтая ў цэлым аптымістычная карціна не азначае, што Швэцыя цалкам пазьбегла сьмяротных наступстваў COVID-19. Улады адкрыта прызнаюць, што пажылыя людзі ў краіне моцна пацярпелі, і каранавірус распаўсюдзіўся у 75 адсотках дамоў для састарэлых у Стакгольме. Супрацоўнікі гэтых дамоў скардзяцца на недахоп сродкаў асабістай аховы.
У 10-мільённай Швэцыі да сёньняшняга дня зарэгістравалі амаль 20 тысяч выпадкаў захворваньня на COVID-19 і 2355 сьмерцяў ад яго. Гэта значна больш, чым у 10-мільённай Чэхіі (7500 захворваньняў, 227 сьмерцяў), але швэды ня лічаць, што іхны ўрад выбраў дрэнную стратэгія барацьбы з COVID-19.
Крыніца: Радыё Свабода