У першую нядзелю восені краіна святкуе Дзень беларускага пісьменства. Сёлета яго ўдзельнікаў будуць прымаць у Бялынічах Магілёўскай вобласці. Менавіта тут 6 верасня сустрэнуцца ўсе тыя, хто працуе дзеля захавання друкаванага слова, папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры і памнажэння духоўнасці беларускага народа.
— На падставе прапаноў асноўнымі «пунктамі» свята стануць Год малой радзімы, 75-годдзе Вялікай Перамогі, 90-годдзе Уладзіміра Караткевіча. Падрыхтаваны шэраг выданняў, напрыклад, мастацкі альбом В. Бялыніцкага-Бірулі, кніга «І маці Божай памалюся», іншыя адметныя кнігі. Усе найбольш маштабныя мерапрыемствы пройдуць 6 верасня. Сярод іх — урачыстае адкрыццё свята. Для стварэння яго мастацкай канцэпцыі былі выкарыстаны гістарычныя, краязнаўчыя звесткі пра Бялынічы, Магілёўшчыну, — адзначыў напачатку размовы ў Нацыянальным прэс-цэнтры намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі. — Пройдзе ўзнагароджанне пісьменнікаў — пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
У межах свята адбудзецца экспедыцыя «Дарога да святыняў», пройдзе навукова-практычная канферэнцыя «Бялыніцкія чытанні», будуць падведзены вынікі конкурсу «Кніга з экрана», а таксама іншых творчых спаборніцтваў, што праводзіліся напярэдадні. Дадуць старт гістарычнай квэст-гульні «Скарб князя Гальшанскага», да якой запрашаюцца ўдзельнікі свята. А 5 верасня ў 11 гадзін адбудзецца круглы стол «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго: Слова стваральнае і разбуральнае» з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў з многіх краін свету. Пра гэта падрабязна расказаў дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіч.
Сярод заснавальнікаў і арганізатараў круглага стала, галоўная мэта якога прыцягнуць увагу да беларускага прыгожага пісьменства ў свеце, — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура». Сустрэча майстроў слова пройдзе ў фармаце Zum-канферэнцыі, але паглядзець яе можна будзе і ў трансляцыі на YоuTubе.
На цэнтральнай плошчы каля райвыканкама 5-6 верасня будуць працаваць павільёны «Друкарскі двор», «Слова пісьменніка» і многія іншыя, дзе ўдзельнікі і госці Дня беларускага пісьменства змогуць азнаёміцца з кніжнымі навінкамі і сустрэцца з пісьменнікамі. Таксама будуць прадстаўлены экспазіцыі перыядычных выданняў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. Літаратурныя сустрэчы, прэзентацыі і аўтограф-сесіі пройдуць на пляцоўцы «Слова пісьменніка».
У сваю чаргу, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Валерый Малашка адзначыў, што робіцца ўсё для таго, каб удзельнікам свята і гасцям было зручна і камфортна.
— Наш горад і вобласць пасля гэтага свята атрымаюць добрую спадчыну, таму што была праведзена грунтоўная падрыхтоўка, якая закранула інфраструктуру горада, транспартныя магістралі і цэлы шэраг аб’ектаў культуры. Безумоўна, жамчужынай тут можна лічыць рэканструяваны музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, які першапачаткова з’явіўся 50 гадоў таму, а цяпер зноў чакае сваіх наведвальнікаў. Установа не толькі абсталявана ўсімі сучаснымі тэхналогіямі — у ёй створана безбар’ернае асяроддзе, а гэта зробіць мастацтва даступным шырокаму колу наведвальнікаў. Звяртаю ўвагу і на такую пляцоўку, як «Лёс зямлі маёй праз слова», дзе адлюстраваны этапы развіцця нашага рэгіёна. Магілёўскі аблвыканкам, Бялыніцкі райвыканкам запрашаюць усіх далучыцца да свята і адкрываць новыя старонкі і таямніцы нашага краю.
Алена ДРАПКО
Крыніца: “Звязда”