Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Юрый Губарэвіч асуджаны на 15 сутак арышту. Пра гэта ён паведаміў у сваім фэйсбуку.
«15 сутак за правядзенне пікета па зборы подпісаў. Роўна столькі адмерыў мне сёння суд Першамайскага раёна Мінска.
Пішу пра гэта не з камеры на Акрэсціна толькі таму, што пакінуў залу судовага пасяджэння не чакаючы выраку. Прысутныя ў калідоры патэнцыйныя канваіры трохі ашалелі, але нічога не маглі зрабіць, бо фармальнага рашэння на той момант не было.
Я разумею, што на фоне пераследу іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты мая гісторыя не самая выключная. Але толькі ўдумайцеся: даваць адміністратыўны арышт за тое, што звяртаўся да грамадзян і заклікаў падысці да пікета, каб паставіць подпіс. Гэтыя «выбары» дакладна ўвойдуць у гісторыю», — напісаў кіраўнік Руху «За Свабоду».