3 жніўня 2019 года на аэрадроме «Баравая» пройдзе 12-ы музычны фестываль «РОК ЗА БОБРОВ». Продаж квіткоў стартуе ўжо 14 студзеня. Ідэйным арганізатарам фестывалю выступае кампанія «Бабруйскі бровар».
Упершыню фестываль «РОК ЗА БОБРОВ» прайшоў у 2005 годзе ў Бабруйску, а яго хэдлайнерам стаў гурт «Би-2». Наступныя два гады open-air таксама праводзіўся ў родным горадзе піва «Бобров», а пасля «пераехаў» пад Мінск. За сваю гісторыю фестывальная сцэна «РОК ЗА БОБРОВ» бачыла больш за 65 выканаўцаў, сярод якіх: «Мумий Тролль», «Океан Ельзи», «Sunrise Avenue», «Ночные снайперы», «Звери», «ДДТ», «Ляпис-98», «Браво», «Noize MC», «5’Nizza» і многія іншыя. «РОК ЗА БОБРОВ» — самы масавы фестываль Беларусі з платным уваходам. У 2018 годзе open-air сабраў 45 000 чалавек, канкурыруючы па колькасці наведвальнікаў з аналагічнымі бясплатнымі фестывалямі.
«Мы пераймаем вопыт і выкарыстоўваем “фішкі” найлепшых міжнародных фестываляў. Таму кожны год пачынаем старт продажу ўсё раней і раней — менавіта так адбываецца ў Еўропе. Глядач ідзе на «РОК ЗА БОБРОВ» па настрой і сяброўскія зносіны. Напрыклад, у 2018 годзе было набыта больш за 2 000 квіткоў яшчэ да аб’яўлення выканаўцаў. Сёння мы не называем хэдлайнераў 2019 года, але абяцаем вялікую колькасць зорак першага эшалона», — распавёў арганізатар фестывалю Аляксандр Касач, дырэктар «JetSounds».
У 2019 годзе гасцей «РОК ЗА БОБРОВ» чакае 12 гадзін музыкі ад 12 хэдлайнераў. Як заўсёды, гэта будуць толькі актуальныя зоркі рок- і хіп-хоп-сцэны. Open-air таксама дасць магчымасць выступіць маладым перспектыўным камандам.
«У нас няма мэты вырасці ў колькасці гледачоў, наша галоўная задача — праца над якасцю сэрвісу на фестывалі. Нам важна захаваць давер гледачоў да «РОК ЗА БОБРОВ», і кожны год мы стараемся зрабіць яшчэ лепшым. У 2018 годзе фэст развярнуўся на 150 000 кв. м, а ў 2019 годзе плошча мерапрыемства будзе яшчэ павялічаная. Адпаведна, павялічыцца колькасць актыўнасцяў і абслугоўваючага персаналу. На фудкорце плануецца паставіць больш за 120 пунктаў харчавання. Дадаткова будуць усталяваныя пункты продажу толькі пітной вады і прахаладжальных напояў», — расказала Святлана Валкавец, дырэктар па маркетынгу кампаніі «Бабруйскі бровар».
Продаж квіткоў на «РОК ЗА БОБРОВ 2019» стартуе ўжо 14 студзеня 2019 года. Квіткі на фестываль можна будзе набыць анлайн у аператара ticketpro.by і ва ўсіх пунктах продажу. Першая партыя будзе даступная ў абмежаванай колькасці па цане 19,99 BYN. Па меры набліжэння фестывалю і аб’яўлення хэдлайнераў кошт будзе расці. Квіткі катэгорыі VIP можна будзе набыць за 99,00 BYN, і іх кошт не зменіцца (*колькасць VIP-квіткоў абмежаваная да 2 000).
Даведка:
«Бабруйскі бровар» уваходзіць у групу кампаній «Oasis», якая вырабляе піва ў шасці краінах свету. У Беларусі «Бабруйскі бровар» выпускае лакальныя піўныя брэнды «Бобров», «Рэчыцкае», «Жигулевское», квас «Хатні», ліцэнзійнае піва «Охота», «Zlaty Bazant», «Amstel», «Бочкове», «Золотая кружка», а таксама імпартуе «Krusovice» і «Heineken».