31-гадовы актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Раман Давыдаў рабіў кантралёрам АТК ліцейнай вытворчасьці на Магілёўскім заводзе ліфтавага машынабудаваньня. Фармальна зь ім спынілі працоўныя адносіны «па згодзе бакоў», пасьля таго як ён стаў адным з заяўнікаў мітынгу да Дня Волі.
Сам Давыдаў лічыць звальненьне палітычна матываваным і адзначае, што вымушаны быў пагадзіцца з прапановай кіраўніцтва, бо тое ўсё роўна знайшло б прычыну, каб яго на прадпрыемстве не было, паведамляе Радыё Свабода.
На думку актывіста, зварот у гарвыканкам з заявай па дазвол на правядзеньне мітынгу да Дня Волі прысьпешыў спыненьне працоўных адносінаў. Ён кажа, што прадстаўнікі адміністрацыі гутарылі зь ім наконт ягонай ініцыятывы.
Раман Давыдаў уладкаваўся на прадпрыемства ў студзені 2017 году. Тады ж стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У сакавіку 2020-га адміністрацыя заводу падоўжыла зь ім працоўны кантракт на 2 гады. Загад аб звальненьні падпісаны 12 сакавіка 2021 году.
Давыдаў кажа, што звальненьне не было нечаканым. Па словах актывіста, у сьнежні 2020 году падчас наклейваньня ўлёткі зь белай паласой пасярэдзіне яго затрымалі, а пазьней аштрафавалі за псаваньне выгляду дома. Пра інцыдэнт стала вядома на прадпрыемстве.
Работніку загадалі пісьмова патлумачыць свае дзеяньні. У лісьце намесьніку генэральнага дырэктара прадпрыемства Мікалаю Міхаленю актывіст напісаў, што быў затрыманы ў непрацоўны час. Таксама спаслаўся на заяву генэральнага дырэктара Сяргей Чарткова, агучаную ў верасьні 2020 году, што завод па-за палітыкай і тое, чым займаюцца працаўнікі ў вольны час, для працоўных адносінаў ня мае значэньня.
Па словах Давыдава, неўзабаве пасьля штрафу начальнік аддзелу АТК прапанаваў яму шукаць іншую працу.
«Са мною спынілі працоўныя адносіны, каб у кіраўніцтва прадпрыемства не было праблемаў праз маю грамадзянскую пазыцыю адносна падзей у краіне», — адзначае актывіст.
Раман Давыдаў кажа, што не зьбіраецца аспрэчваць звальненьне і будзе шукаць новай працы. Па словах актывіста, з гарвыканкаму наконт мітынгу яго пакуль не турбавалі.