У Касцюковічах урачыста адкрылі памятны знак у гонар 25-гадовага юбілея Беларускага цэментнага завода. Адкрывалі памятны знак намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь Алег Швец, генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынгу “Беларуская цэментная кампанія” Аляксандр Даўгала, генеральны дырэктар ААТ “БЦЗ” Ігар Сяргееў. У межах афіцыйнага мерапрыемства адбылася таксама закладка капсулы часу з пасланнем да нашчадкаў. Сам памятны знак складаецца з каменя і прымацаванай шыльды з тэкстам на рускай мове, размешчанага на невялічкім пастаменце.
Трэба адзначыць, што ў саміх Касцюковічах у розныя гады было ўсталявана блізу дзесяці памятных знакаў у выглядзе камянёў з шыльдамі. Яны адлюстроўваюць розныя падзеі і юбілейныя даты: 500-годдзе горада, заснаванне мясцовай гімназіі і памятнага сквера з нагоды 60-годдзя Вялікай Айчыннай вайны, алею сяброўства г. Касцюковічы і г. Дзітценбах. Чарговы памятны знак ў выглядзе каменя і шыльды будзе ўваходзіць у гарадскую скарбонку “культавых камянёў”, што з’яўляюцца адметнасцямі Касцюковічаў.
Алесь Крыжэвіч