Трыюмфальная арка, якая размешчаная на ўездзе ў Магілёў з менскага напрамку, займела надпіс на беларускай мове. З абодвух бакоў наверсе аркі размешчанае беларускамоўнае прысьвячэньне: “Стваральнікам Магілёва ў гонар 750-годдзя горада”.
Цяперашняя выява аркі (фатаздымак Радыё Свабода)Паводле першапачатковых праектаў, якія былі прадстаўленыя ўладамі грамадзкасьці, усе надпісы на арцы было запланавана выканаць на рускай мове, піша інтэрнэт-сайт narodny.org.
Гэта выклікала справядлівае абурэньне людзей. Партыя БНФ накіравала ў магілёўскі гарвыканкам зварот з патрабаваньнем перагледзіць праект у накірунку выкарыстаньня ў аздабленьні аркі беларускай мовы і беларускіх нацыянальных традыцыяў: “Магілёў — беларускі горад, і вітаць гасцей ён павінен па-беларуску” – падкрэсліла партыя ў сваім звароце.
Як паведаміў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, перагляд выявы аркі стаўся вынікам супольных намаганьняў грамадзкасьці:
“Наагул гэтая забудова выклікае супярэчлівыя меркаванні – шмат хто з магіляўчан лічыць што гэтая арка гораду не вельмі і патрэбная, што яна занадта дарагая і насамрэч ёсць непатрэбнай “цацкай”. Але для нас, для БНФ, асабліва абуральным было тое, што вонкава аздабленне аб’екта паводле праекта было выканана на рускай мове. Як быццам бы прыязджаючы ў Магілёў з боку Менску вы заязджаеце ў нейкі расейскі горад.
Я размаўляў з чыноўнікамі на гэты конт, атрымалася падключыць да гэтага пытання дэпутата парламента Ігара Марзалюка, які, як магілёўскі гісторык, падтрымаў нашую пазыцыю. У выніку маем пэўны посьпех. Аб’ект канешне атрымаўся, як на мой погляд, вельмі эклектычны: на ім афіцыйны геральдычны сымбаль, герб Магілёва, што ўтрымлівае Пагоню, размешчаны па-над узнагародамі савецкага часу з састарэлай камуністычнай атрыбутыкай. Дарэчы, застаецца незразумелым размяшчэнне на аб’екце ордэна з выявай Леніна – такой узнагароды горад Магілёў нават у савецкія часы не меў (будзем на гэты конт падаваць асобны зварот). Такім чынам выява гэтай аркі ёсьць праяўленьнем непаслядоўнасці і палавіністасці ў ідэалогіі цяперашняй беларускай дяржавы. Але, прынамсі, арка аздобленая на беларускай мове і не будзе адчуваньне што прыязджаючы ў Магілёў вы заязджаеце ў нейкі Чалябінск” – сказаў Рыгор Кастусёў.
Цяперашняя выява надпісу на арцы – фатаздымак mogilev.onlineСтаршыня Партыі БНФ выказаў шкадаваньне, што ўлады не зладзілі сапраўды адкрытага і ўсебаковага абмеркаваньня праекта гэтай аркі, не падключылі да яго распрацоўкі шырокае кола беларускіх гісторыкаў, магілёўскіх краязнаўцаў і мастакоў.