У Магілёве за танцы ля ратушы вынесьлі пракурорскае папярэджаньне краязнаўцу і экалягічнаму актывісту Леаніду Платоненку, паведамляе Радыё Свабода.
Забаўляльную імпрэзу міліцыя кваліфікавала як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». За ўдзел у ім актывіста і пакаралі ў Ленінскім аддзеле міліцыі. У выпадку паўторнага парушэньня закону «Аб масавых мерапрыемствах» яму пагражае крымінальная адказнасьць.
Віны актывіст не прызнаў і адзначыў, што на танцах міліцыя не папярэджвала, што яны несанкцыянаваныя. Ён зьбіраецца абскарджваць кару.
5 жніўня клюб аматараў беларускага народнага танцу, зарэгістраваны пры Палацы культуры вобласьці, арганізаваў імпрэзу каля магілёўскай ратушы. Паводле яго кіраўніцы Вольгі Семчанкі, танцы ля ратушы былі заплянаванай імпрэзай, пазначанай у адмысловым журнале ўстановы. Падобныя імпрэзы суполка праводзіць рэгулярна, раней прэтэнзіяў да іх не было.
Фота: Радыё Свабода