Непрадузята праглядаючы сайт Асіповіцкага райвыканкама, адразу бачыш, што першыя два тыдні 2022 года ў раёне нічога, акрамя абмеркавання зменаў да Канстытуцыі, не адбывалася. І толькі пасля Вадохрышча з’явілася хаця б нейкая іншая актыўнасць. Раён паціху пачаў уцягвацца ў працоўны рытм. З’явіліся артыкулы пра моладзь і бізнес.
Асіповіцкі рэгіён: Канстытуцыя, малебны, маладзёвыя ініцыятывы.
Гартаючы навіны сайту Асіповіцкага райвыканкаму за студзень цяжка пазбавіцца ад уражання, што ў раёне напачатку года не працавалі прадпрыемствы і прадпрымальнікі, не было грамадскай актыўнасці, а быў суцэльны застой. А адзінае што хвалявала мясцовы люд – гэта змены да старой Канстытуцыі. “Мы не пашим не сеем не строим, мы гордимся общественным строем”, – нібыта кажа галоўны сайт вертыкалі.
Каб не спрачацца, паглядзіце самі загалоўкі навін:
- 01. Раённай арганізацыяй аб’яднання “Белая Русь” арганізавана работа грамадскай прыёмнай па зборы прапаноў па абмеркаванні змяненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
- 01. Святлана Шутава: прапановы, выпрацаваныя на дыялогавых пляцоўках у Асіповічах, Глуску і Клічаве, улічаны…
- 01. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах С.А. Анюхоўскі ў рамках абмеркавання праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь правёў…
І гэтак далей, і гэтак далей…
У фантастычных уяўленнях чынавенства, якія адлюстраваны на сайце, асіпаўчане відавочна ў студзені не думалі пра працу, затое выявілі надзвычайную ўвагу да палітычнага жыцця і проста прагнулі паўдзельнічаць у стварэнні новай Канстытуцыі. Вось толькі ніякіх слушных прапаноў чамусьці не прагучала. Нават мабілізаваны актыў раёна 14 студзеня не змог нарадзіць штосьці вартае канстытуцыйнай рэформы, абмежаваўся праслухоўваннем мабілізацыйных заклікаў.
Чытаць гэтыя навіны надзвычай нудотна і нецікава. “Канстытуцыя – аснова дзяржаўнасці…” “Стабільнае функцыянаванне эканомікі рэгіёну…” “І бягучы год пачаўся ўдала: усе прадпрыемствы ўзялі добры старт па рэалізацыі дэталёва прапрацаваных бізнес-планаў…” І далей па стандарту. Проста нейкая калька з лозунгаў і газет брэжнеўскіх часоў.
Часцяком народ нават не паказваецца на фотаздымках паведамленняў, а прапагандысты абмяжоўваюцца выстаўленнем твараў членаў вертыкалі – сябе любімых. Чаму няма фатаздымкаў натхнёных новай Канстытуцыяй твараў звычайных асіпаўчан? Усё проста: жуйка прапагандысцкіх клішэ і пафас неіснуючага энтузіязму супярэчыць соннаму ці абыякаваму выгляду работнікаў прадпрыемстваў, якіх сагналі на сустрэчы.
Так на сустрэчы 14-га студзеня кіраўніка раёна Канстанціна Жыгуцкага ў тандэме з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Святланай Шутавай з работнікамі ААТ “Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання” завадчане актывізаваліся толькі ў канцы афіцыйнай частцы. Яны скарысталіся магчымасцю задаць кіраўніцтву раёна хвалючыя іх пытанні. Дзіўным чынам пытанні датычыліся не Канстытуцыі, а добраўпарадкавання горада. Напрыклад:
- Чаму рамонт вуліцы Кастрычніцкай на паўднёвым баку райцэнтра не завершаны? Чаму не пакладзены другі пласт асфальту ад райЦГЭ да бальніцы і не зроблены тратуары?
- Жыхары пасёлка Савецкага пыталіся пра развіццё інфраструктуры ў гэтым мікрараёне, пра матэрыяльнае забеспячэнне дзіцячага садка. Яны вымусілі Канстанціна Аляксандравіча паабяцаць, што мэбля, у прыватнасці, ложкі, у дашкольнай установе будуць нарэшце заменены.
- Адно з самых надзённых пытанняў для жыхароў Асіповічаў – якасць вады. Калі нарэшце будзе завершана пераабсталяванне водазабору “Паўднёвы”? Работы на гэтым аб’екце зацягнуліся. Калі будзе здадзены ў эксплуатацыю магістральны водаправод і дадатковыя свідравіны? І г.д.
Пералом у паведамленнях на сайце райвыканкама адбыўся 19 студзеня. Відаць водасвятны малебен на Вадохрышча на гарадскім пляжы і каля купелі (крыніцы) каля в. Смык цудоўным чынам вярнуў мясцовым жыхарам жыццёвую свядомасць, а вертыкалі цікавасць да спраў працоўных, і нарэшце ў раёне пачало хаця б нешта адбывацца.
Першай ачуняла моладзь. 21 студзеня ў раёне фінішавала акцыя “Нашы дзеці”. Потым асіповіцкія школьнікі сталі пераможцамі абласнога тура праекта “100 ідэй для Беларусі”. Вучні СШ №4 Дар’я Ліцвінка і Кірыл Галіеўскі сталі пераможцамі абласнога тура ў намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць”. Іх праект “Уплыў хімічных рэгулятараў на рост і развіццё культурных раслін” аказаўся лепшым.
З 24 студзеня па 11 лютага ў раёне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Бяспека – у кожны дом!”
Нарэшце ўлада зразумела, што трэба патлумачыць прадпрымальнікам, як павялічылася іх падаткаабкладанне ў новым годзе. Арганізаваны навучальны вэбінар на тэму «Падаткаабкладанне ІП. Асаблівасці прымянення сістэмы спрошчанага падакткаабкладання ў 2022 годзе.»
І тым не менш, працоўнае і сацыяльнае жыццё раёна на старонках рупара вертыкалі ў студзені амаль не было адлюстравана. Толькі пераход па спасылках на сайт мясцовай газеты “Асіповіцкі край” паказаў, што ў сацыяльным жыцці раёна адбываецца хаця б нешта станоўчае. Напрыклад, два аўтамабілі маркі ПАЗ набыты для перавозкі мясцовых школьнікаў. Па дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка” плануецца закупіць яшчэ пяць машын.
Пасля азнаямлення з сайтам райвыканкама, так і хочацца заклікаць мясцовую ўладу: Хопіць ужо займацца прапагандай! Пачынайце вы нарэшце працаваць!