Галоўная » Загінуў магілёўскі рок-музыка, гукарэжысер, валанцёр

Загінуў магілёўскі рок-музыка, гукарэжысер, валанцёр

У ноч з 14 на 15 траўня, на трасе Гомель – Мінск, на тэрыторыі Пухавіцкага раёна адбылася аўтакатастрофа. Загінулі тры чалавекі. Адзін з іх – магілёвец Максім Гаўрыленка.

Машына, у якой знаходзіўся Максім, вярталася з Бабруйска на Мінск са здымак дакументальнага фільма пра медыкаў і валанцёраў, якія працуюць ва ўмовах эпідэміі каранавірусу. Фільм здымаўся ў межах праекта “Невядомая Беларусь”. Максім Гаўрыленка быў гукарэжысёрам гэтага фільма.

Разам з ім загінуў рэжысёр Уладзімір Міхайлоўскі, бабруйчанін. Іх калега, рэжысёрка Любоў Зямцова з месца аварыі была дастаўлена ў рэанімацыю. У яе 14 траўня быў дзень народзінаў.

Максім Гаўрыленка разам з рэжысёрам Уладзімірам Міхайлоўскім

Джэймі Флай, кіраўнік Radio Free Europe, па чыёй замове рабіўся шэраг фільмаў пра Беларусь, выказаўся так: “Жахлівая навіна. Гэтыя маладыя кінематаграфісты былі бліскучымі, таленавітымі людзьмі. Яны былі часткай нашага новага праекту, які мы запусцілі, каб данесці самыя цікавыя гісторыі з Беларусі да людзей, якія нічога альбо амаль нічога не ведаюць пра беларускі народ”.

Праца ў дакументальным кіно

Максім Гаўрыленка быў таленавітым чалавекам ў шмат якіх кірунках – мастак, гукарэжысёр, гітарыст. Раней працаваў на Беларусьфільме.

Максім за працай, падчас здымак кінафільма вытворчасці студыі “Беларусфільм”

Матэрыял падрыхтаваў Дзмітрый Мікалаеў