Заява ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»
Спыніць знішчэнне беларускіх незалежных медыя
Раніцай 8 ліпеня прадстаўнікі сілавых структур прыйшлі ў рэдакцыю незалежнага выдання «Наша Ніва» і дадому да работнікаў медыя. Супрацоўнікі рэдакцыі «НН» перасталі выходзіць на сувязь, у некаторых з іх прайшлі ператрусы. Пасля ператрусаў галоўнага рэдактара «Нашай Нiвы» Ягора Марціновіча і рэдактара выдання Андрэя Скурко павезлі на допыт.
Адначасова Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт «Нашай Нівы» «на падставе апавяшчэння Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Прычым доступ да сайту абмежаваны не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.
Таксама стала вядома пра ператрусы ў рэдакцыях рэгіянальных выданняў «Intex-press» і «Бресткая газета» (якія ў апошнія месяцы былі выкінутыя з дзяржаўных сістэмаў распаўсюду і друку), а таксама ў журналіста і рэдактара сайта Orsha.eu.
Працягваецца ціск на партал TUT.ВY. Літаральна ўчора Эканамічны суд г. Мінска ў закрытым паседжанні прызнаў законным рашэнне пазасудовай камісіі аб прызнанні матэрыялаў партала экстремистскімі. 15 супрацоўнікаў TUT.ВY і звязаных з ім арганізацый знаходзяцца за кратамі.
Наогул за кратамі ці пад хатнім арыштам сёння ў Беларусі знаходзіцца 25 супрацоўнікаў медыяарганізацый (без уліку работнікаў НН і Orsha.eu, лёс якіх пакуль невядомы).
У Гродне суд разглядае пытанне аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі мясцовага інтэрнэт-партала Hrodna.lifе.
У Брэсце за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» судзяць рэдактара навін сайта «Першы Рэгіён» Алега Супрунюка.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» звяртае ўвагу, што:
– пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам улады спрабуюць знішчыць беларускія незалежныя медыя;
– вынік рэпрэсій супраць незалежным СМІ і журналістаў будзе супрацьлеглымі таму эфекту, на які разлічваюць іх ініцыятары. Грамадства замест верыфікаванай і выкладзенай у адпаведнасці з журналісцкай этыкай інфармацыі будзе чытаць матэрыялы, якія не адпавядаюць нават мінімальным прафесійным стандартам.
ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» патрабуе спыніць знішчэнне свабоднага слова ў Беларусі.