Галоўная » Запрацаваў сайт пра гістарычныя помнікі Магілёва

Запрацаваў сайт пра гістарычныя помнікі Магілёва

На сайце – усе гісторыка-культурныя каштоўнасці горада з падрабязным гістарычным апісаннем і фотаздымкамі, арыгінальныя экскурсійныя туры і квесты, мапа ахоўных зон і сістэма маніторынга парушэнняў заканадаўства ў сферы аховы помнікаў і культурнага слоя ў горадзе. Такім ён будзе ў завершаным выглядзе пасля заканчэння тэставых работ. Наша рэдакцыя ўзяла інтэрв’ю ў распрацоўшчыкаў рэсурса.

Сайт kropki.by распрацоўваюць добра вядомыя ў горадзе адмыслоўцы і актывісты. Гэта “Чалавек года-2020” па версіі Грамадскага магістрата вэб-дызайнер Сяргей Пехцераў, гісторык, архівіст і музейшчык Зміцер Яцкевіч, былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва і пастаянны аўтар матэрыялаў і відэалекцый на партале 6tv.by Аляксей Бацюкоў. Апошні ажыццяўляе агульную каардынацыю праекта, і паведаміў нашаму выданню падрабязнасці ініцыятывы.

– Насамрэч у камандзе нашмат больш людзей. Адзначу дапамогу яшчэ аднаго Чалавека года, Алега Лісоўскага. Калі разабрацца, сярод пералічаных яшчэ ніводнага не “Чалавека года” не было. – смяецца Аляксей. І тут трэба зрабіць рэмарку, што і ён, і Зміцер Яцкевіч атрымлівалі падобнае званне па версіі газеты “Наша Ніва” ў 2012 годзе за вяртанне Статута ВКЛ. – Таксама ў працы  медыя-спецыяліст Дзмітрый Ляпейка, былы намеснік дырэктара Музея гісторыі Магілёва Яўген Балбераў, некалькі цудоўных спецыялістаў, якія вырашылі пакуль застацца ананімнымі.