Галоўная » Засмечана прылеглая тэрыторыя ля Забялышанскай крыніцы ў Крычаве

Засмечана прылеглая тэрыторыя ля Забялышанскай крыніцы ў Крычаве

У Крычаве на сенняшні дзень зафіксавана ажно сем крыніц. Большая частка водных аб’ектаў знаходзяцца блізка да Сожа. Некаторыя з іх да сённяшняга часу застаюцца важнымі для мясцовага насельніцтва, бо з’яўляюцца крыніцамі пітной вады. Напрыклад, добрай пітной вадой адрозніваецца Забялышанская крыніца, якая знаходзіцца на сутыку вуліц Рачной і Бялінскага, а таксама завулка Камарова. Больш за тое, водны аб’ект блізка размешчаны да Забялышанскіх могілак і лакалізуецца  адносна блізка Сожа.

Жыхары вакольных вуліц з Забялышанскай крыніцы часта бяруць ваду, якая з’яўляецца якаснай для спажывання. Сама крыніца каптавана жалезабетонным кальцом і накрыта жалезнай пласцінай, у якой зроблена дзвёрка для набірання вады. Аднак тэрыторыя вакол воднага аб’екта мусіць выглядаць больш прыбранай і ўпарадкаванай чымся на сённяшні дзень. Хоць на плоце каля крыніцы прымацавана шальдачка “Свалка мусора запрещена”, але ж вакол валяецца шмат рознага смецця: пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, мяшкі, непатрэбны посуд і нават парванае адзенне. Відавочна, што вінаваты ў такім стане рэчаў як мясцовыя жыхары, якія смецяць, так і камунальныя службы, якія не прыбіраюць водны аб’ект. Засмечанасць натуральным чынам можа паўплываць на стан крынічнай вады, якая спажываецца жыхарамі горада. Гэта праблема ўжо існуе не першы год і яе вырашэнне невядома калі адбудзецца.

Варта заўважыць, што напачатку 2021 года органамі дзяржаўнага санітарнага нагляду быў здзейснены адбор проб з 67 крыніц для правядзення лабараторных даследаванняў па ўсёй Магілёўскай вобласці. Па выніках было ўстаноўлена, што вада з 8-мі крыніц вобласці не адпавядае гігіенічным нарматывам па санітарна-хімічным паказчыкам. У Крычаве такой крыніцай аказалася Пятрова крыніца, якая лакалізуецца па вуліцы Піянерскай на правым беразе рекі Сож.

Алесь Крыжэвіч