Раніцай 12 чэрвеня стала вядома пра затрыманьне Сяргея Кармызава — кіраўніка магілёўскай філіі «Белгазпрамбанку» і ўдзельніка ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Затрыманьне Свабодзе пацьвердзілі ў выбарчым штабе патэнцыйнага кандыдата.
У прымальні філіі «Белгазпрамбанку» ў Магілёве неафіцыйна пацьвердзілі, што маюць праблемы, але камэнтаваць нешта адмовіліся. У Сьледчым камітэце Магілёўскай вобласьці таксама інфармацыю пакуль не камэнтуюць.
Раней у гэты ж дзень стала вядома пра затрыманьне Ўладзімера Дударава — каардынатара ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, былога кіраўніка «Белгазпрамбанку». У штабе Бабарыкі таксама паведамілі, што юрыдычная служба штабу знайшла адваката для затрыманага ўчора Дударава, і той пачаў працу.
11 чэрвеня ў галоўны офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Ператрус таксама праходзіў у людзей, зьвязаных з Бабарыкам. Ператрусы праходзяць у рамках крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 243 «Ухіленьне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры».
У якасьці падазраваных праходзяць прадстаўнікі камэрцыйных структураў, былыя і дзейныя работнікі банкаўскай сыстэмы. Як адзначылі ў Камітэце дзяржаўнага кантролю, Віктар Бабарыка ў рамках справы працэсуальнага статусу ня мае.
Віктар Бабарыка заяўляў, што хоць супраць яго «няма нічога», гэтая крымінальная справа — ціск на яго, «напрошваецца выснова, што дзеяньні сёньняшняга дня носяць замоўлены палітычны характар», а віна фігурантаў «палягае ў тым, што яны працавалі ў арганізацыі, якой кіраваў я, зьяўляюцца маімі сябрамі».
Падзеі не паўплываюць на фінансавую ўстойлівасьць банку, заявіла прэс-служба «Белгазпрамбанку».