Галоўная » Затрыманы галоўны рэдактар “Магілёўскага рэгіёну” Зміцер Салаўёў

Затрыманы галоўны рэдактар “Магілёўскага рэгіёну” Зміцер Салаўёў

Галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва затрымалі сёння каля 11:30  у уласнай кватэры. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць журналістам партала.

Па звестках журналістаў 6tv.by, Салаўёў быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе і знаходзіцца да гэтага часу. Верагоднай прычынай затрымання з’яўляецца абвінавачванне ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь). Зміцер прысутнічаў на некалькіх акцыях пратэсту ў Магілёве ў якасці журналіста.

Па стане на 15:50 Салаўёў усё яшчэ знаходзіцца ў будынку Ленінскага РАУС.

У 19:30 стала вядома, што Змітра накіравалі ў ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама. Пра гэта жонцы журналіста, Надзеі Салаўёвай, паведаміў магілёўскі актывіст Леанід Платоненка.

Платоненка таксама быў затрыманы сёння раніцай, і ўвесь дзень знаходзіўся ў Ленінскім РАУС Магілёва. Там ён пабачыў Салаўёва, які паведаміў, што яго накіроўваюць у ІЧУ.

Самога Платоненку адпусцілі з РАУС позна вечарам, адміністрацыйны пратакол на яго не складалі.

Нагадаем, што Змітра Салаўёва ўжо затрымлівалі напярэдані прэзідэнцкіх выбараў, 8 жніўня. 11 жніўня, прама ў будынку ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама, суд у закрытым рэжыме прысудзіў яму 8 сутак арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнім міліцыі.

Увесь тэрмін зняволення Салаўёў трымаў галадоўку.

Іван Барысаў. Фота аўтара