Пасля пачатку суда над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі» у Магілёве зноў аднавіліся затрыманні магілёўскіх журналістаў.
Журналіста нашага інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Уладзіміра Лапцэвіча затрымалі ўжо пасля таго, як ўжо сыйшоў з пляцоўкі перад будынкам Магілёўскага абласнога суда. Затрыманне адбылося ў дварах знаходзячыхся паблізу дамоў. У які РАУС павезлі журналіста, нам высветліць пакуль не ўдаецца.
Хутчэй за ўсё, калі Лапцэвіча не вызваляць у бліжэйшы час, ён застанецца за кратамі да суда.
Нагадаем, што крыху раней каля будынка Магілёўскага абласнога суда быў затрыманы журналіст нашага партала Аляксандр Буракоў (старэйшы). Яго месцазнаходжанне рэдакцыі таксама пакуль не вядомае.
Сёння, 12 мая, у судзе Магілёўскай вобласці ў 10.30 пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць цэлай групы палітвязьняў – Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніч, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Ірыны Шчаснай і Дзмітрыя Казлова (Youtube-блогера “Шэры кот” ).
Міліцыя запатрабавала ад людзей, якія раніцай прыйшлі падтрымаць палітвязняў, разысціся ад будынка Магілёўскага аблсуда. У адваротным выпадку, як заявіў супрацоўнік Ленінскага РАУС Карніенка), міліцыя будзе расцэньваць гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Верагодна, журналісты “Магілёўскага рэгіёну” былі затрыманыя, як удзельнікі гэтага “несанкцыянаванага мерапрыемства”, хоць каля будынка суда яны знаходзіліся менавіта як журналісты, выконваючы рэдакцыйнае заданне.
Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што пасля сыходу ад будынка Магілёўскага аблсуда быў затрыманы таксама рэгіянальны каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Алег Аксёнаў.
Усяго падтрымаць палітвязняў да будынка суда прыйшло каля 40 чалавек. У фае дазволілі знаходзіцца толькі тром.
Іван Барысаў