Затрыманых у пункце пропуску «Новая Гута» на беларуска-ўкраінскай мяжы апазіцыянераў адпусцілі, пратрымаўшы чатыры гадзiны.
Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў працягнулі шлях дадому прыкладна а 22:40.
Гэтыя палітыкі і яшчэ два актывісты апазіцыі былі затрыманыя на беларускай мытні, калі вярталіся з Кіева.
Іх пратрымалі на мяжы амаль чатыры з паловай гадзіны. Мытнікі канфіскавалі для экспертызы друкаваную прадукцыю, якую апазіцыянеры везлі з Украіны.
Падставай для затрымання стала знаходжанне ў машыне праграмкі VII Бандэраўскіх чытанняў, якія праходзілі 8 лютага ў Кіеўскай гарадской Радзе.
Па словах Рыгора Кастусёва, супрацоўнікі мытні і памежнікі ніякім чынам не выбачыліся за затрыманне. Палітыкі пакінулі свае заўвагі наконт метадаў іх працы ў Кнізе заўваг і прапаноў на пагранпераходзе.
Нагадаем, што 10 студзеня ў 10 гадзін раніцы ў судзе Шклоўскага раёна працягнецца разгляд адміністрацыйнай справы Рыгора Кастусёва. Палітыка абвінавачваюць у тым, што ён парушыў закон аб масавых мерапрыемствах (ч.1. арт. 23.34 КаАП), калі прыняў удзел у несанкцыянаванай уладамі акцыі пратэсту супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі 20 снежня 2019 года ў Мінску.
Іван Барысаў