Шэсць чалавек з розных куткоў Беларусі правялі ў бабруйскім СІЗА тры дні і застануцца там яшчэ на тыдзень за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве – «антыпарадзе», на які паклікаў блогер Сяргей Ціханоўскі. Асуджаныя сцвярджаюць: да акцыі не мелі ніякага дачынення ці нават не ведалі пра яе, паведамляе Белсат.
Знайсці адваката за гадзіну і без грошай
У судзе Бабруйскага раёну і гораду Бабруйска 12 траўня разглядалі справы шасці затрыманых падчас акцыі пратэсту «антыпарад», што прайшоў у горадзе 9 траўня. Абвінавачвалі, у асноўным, паводле артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Некаторым дадалі яшчэ непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.
«Антыпарад» меўся прайсці ў Бабруйску 9 траўня паводле закліку блогера Сяргея Ціханоўскага. Правесці пратэстны аўтапрабег згодна з запланаваным сцэнаром – сабрацца ўсім разам на вуліцы Менскай – у аўтамабілістаў не атрымалася, бо гэтую саму вуліцу міліцыя перакрыла з самай раніцы. Праезд дазваляўся толькі грамадскаму транспарту.
Бабруйчанін Дзмітрый Вальфсон заўсёды ездзіць на працу як раз па вуліцы Менскай. Туды ж ён накіраваўся і ў суботу. Але яго спынілі супрацоўнікі ДАІ і сказалі ехаць па дварах на іншую вуліцу. Патлумачылі гэта тым, што на Менскай ідуць рамонтныя працы і наносіцца новая разметка. Назвацца і паказаць свае пасведчанні міліцыянты адмовіліся.
«Мы не абавязаныя прад’яўляць пасведчанні, – патлумачыў адмову ў судзе намеснік начальніка аддзелу міліцыі Ленінскага раёну Бабруйска Андрэй Сябецкі. – Раней мы насілі бэйджы, але гэтае правіла было скасаванае, цяпер у кожнага супрацоўніка маецца жэтон, а на ім – асабістыя дадзеныя».
Калі Дзмітрый адмовіўся ехаць тым маршрутам, які яму прапанавалі, падышлі амапаўцы і выцягнулі яго з машыны. За непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўніка міліцыі мужчыну асудзілі на 10 содняў арышту. Яшчэ тыдзень ён правядзе ў бабруйскім СІЗА.
Дзмітрыю Вальфсону, як і іншым затрыманым, не далі магчымасці заключыць дамовы з адвакатамі. На пошук абаронцы суд адвёў гадзіну. Пад канвоем абвінавачаных адвезлі ў юрыдычную кансультацыю Бабруйска, але вярнуліся яны адтуль ні з чым.
«Нам не далі бясплатных адвакатаў, – патлумачыў баранавіцкі блогер Дзмітрый Цімафееў. – Аказалася, што трэба адразу заплаціць там на месцы, пры заключэнні дамовы, але ж у нас з сабой не было грошай, усё ж забралі, калі затрымалі».
Цімафееў падаваў хадайніцтва, каб яму далі пяць дзён на заключэння дамовы з ягоным адвакатам, які жыве ў Менску. Суддзя адмовіла. Пасля гэтага блогер запатрабаваў адводу суддзі. Гэтае хадайніцтва таксама было адхіленае.
Несанкцыянаванае чаканне аўтобуса на прыпынку
Сваё затрыманне Дзмітрый Цімафееў здымаў на відэа і паспеў яго выкласці ў інтэрнэт. Яго спынілі на адной з вуліц Бабруйска, калі ён ужо хацеў выязджаць з гораду. Гэтак жа, як і Вальфсона, яго выцягнулі з машыны і павезлі ў УУС. Абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і непадпарадкаванні міліцыі.
«Выкрыкваў лозунгі ў падтрымку недазволенай акцыі і супраць параду ў гонар Дня Перамогі, удзельнічаў у мерапрыемстве, не маючы на гэта дазволу выканкаму», – тлумачыў затрыманне Цімафеева ў судзе начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі УУС г. Бабруйска Сяргей Рудзько.
Падчас затрымання Цімафееву стала дрэнна, у ізалятар яму выклікалі хуткую дапамогу. У СІЗА, паводле блогера, усіх трымалі ў адной камеры, у якой агулам было 18 чалавек.
«Умовы жахлівыя, сапраўдная турма, у нас нават туалетнай паперы не было і ніхто і не думаў нам яе даць», – казаў блогер.
Юрыя Салаўёва з Воршы, Аляксандра Ярмоленку з Жлобіна, Сяргея Аднамаха з вёскі Бабірова, што недалёка ад Бабруйска, затрымалі на аўтобусным прыпынку. Яны былі нават не на машынах.
«Я не ведаў ні пра які парад, ні ў чым не ўдзельнічаў і не збіраўся, – распавёў Сяргей Аднамах. – Я жыву ў вёсцы, прыехаў у Бабруйск да сваіх родных, у мяне тут сын. Стаю на прыпынку, чакаю транспарт, каб дабрацца да вакзалу і ехаць дадому, а тут падʼязджае бус з амапаўцамі, і нас усіх, хто там стаяў, запакавалі. Я дагэтуль не разумею, за што».
Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў у якасці пакарання дзесяць содняў у СІЗА.
– За што вас асудзілі? – запыталі мы затрыманага, калі яго вывелі з будынку суда.
– Нейкі артыкул назвалі, я так і не зразумеў, пра што ён, – адказаў Сяргей Аднамах.
Таксама на дзесяць содняў зняволення асуджаны Андрэй Шуляка з Менску.
Фота: Belsat.eu
НА, Belsat.eu