За пяць дней датэрміновага галасавання, станам на раніцу 9 жніўня, затрыманыя не менш за 28 назіральнікаў кампаніі «Права выбару-2020». Месцазнаходжанне 8 чалавек высвятляецца, яны з вечара не выходзяць на сувязь, паведамляе прэс-служба кампаніі “Права выбару-2020”.
Агулам за час назірання былі затрыманыя прынамсі 37 нашых назіральнікаў. Назіральнікі «Права выбару-2020» працягваюць назіранне па-за ўчасткаў для галасавання.
Як адзначыў нацыянальны каардынатар кампаніі Віталь Рымашэўскі: «Незалежных назіральнікаў не толькі не пускаюць на выбарчыя ўчасткі, але і масава затрымліваюць без якіхсьці законных падставаў. Такіх беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў супраць незалежных назіральнікаў не было за ўвесь час правядзення выбараў у нашай краіне. У 2020 годзе ў Беларусі ўлады ліквідавалі незалежнае назіранне».
Ва ўмовах масавага недопуску назіральнікаў «Права выбару» да назірання ў памяшканнях для галасавання на 7 жніўня назіранне працягвалася на 160 участках, з іх толькі на 10% (16) ў адпаведных пакоях, а не ў калідорах ці на вуліцы.
З 4 па 7 жніўня (за чатыры дні датэрміновага галасавання) былі зафіксаваныя 1066 інцыдэнтаў. Асноўнае парушэнне – нядопуск акрэдытаваных назіральнікаў да назірання ўнутры памяшкання для галасавання (43%). Далей найбольш распаўсюджанымі інцыдэнтамі з’яўляюцца: неадпаведнасць колькасці прагаласаваўшых па дадзеных камісій і па падліках назіральнікаў, адмова ў прадстаўленні інфармацыі, небяспечнае афармленне памяшканняў для галасавання ва ўмовах распаўсюджвання каронавіруса.
За чатыры дні датэрміновага галасавання было пададзена 644 скаргаў.
7 жніўня працягвалася назіранне на 160 участку з якіх на 16 участках назіральнікаў дапусцілі ўнутр памяшкання для галасавання, 51 – назіралі па-за памяшканнямі для галасавання, але ўнутры будынка, а на 93 участках назіральнікі знаходзіліся на вуліцы.