У свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» дзейнічае два дзясяткі прадпрыемстваў. Іх працу адчуваюць на сабе жыхары навакольных вёсак і самога Магілёва, а актывісты змагаюцца за чыстае паветра.
Супрацьстаянне ў Магілёве працягваецца. Ініцыятыва «За здаровы Магілёў» падвяла вынікі змагання супраць прадпрыемстваў, што забруджваюць навакольнае асяроддзе.
«Праблемамі экалогіі мы пачалі займацца з лістапада, калі адбыўся выкід сажы на тэрыторыі Вейны і Навасёлак з «Омск Карбону», калі знайшлі перавышэнне дапушчальнай канцэнтрацыі ў сорак разоў», – распавядае каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў.
Менавіта да «Омск Карбону» – прадпрыемства, што будзе выпускаць тэхнічны вуглярод, – у экалагічных актывістаў найбольш прэтэнзіяў: завод яшчэ не адкрыўся, а ўжо забрудзіў наваколле.
«На гэты момант мы дасягнулі адмовы ад павелічэння магутнасці «Омск Карбону», я лічу, гэта дастатковы поспех і сігнал іншым прадпрыемствам пра тое, што грамадскасць сёння не настолькі маўклівая, людзі гатовыя адстойваць сваё здароўе, сваё жыццё і права дыхаць чыстым паветрам», – адзначае Андрэй Бодзілеў.
У «Омск Карбоне» лічаць прэтэнзіі магілёўцаў беспадстаўнымі. Афіцыйны сайт «Omsk Carbon Group» паведамляе: прадпрыемства скіравала скаргу ў Генеральную пракуратуру на дзеянні актывістаў, адзначыўшы, што «эколагі» выкарыстоўваюць інфармацыю, якая не адпавядае рэчаіснасці.
«Кожны абараняецца па-свойму. Хтосьці стварае новыя ачышчальныя збудаванні, скарачае выкіды. Але лягчэй пачаць нападаць», – заўважае каардынатар ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Уладзімір Краўчанка.
Прыйшлі прадстаўнікі «Омск Карбону» і на прэс-канферэнцыю ініцыятывы «За здаровы Магілёў».
«Я думаю, што мы наладзім кантакт і дамо ўсю неабходную інфармацыю, каб развеяць негатыў пра нашую кампанію», – адзначае Марат Ігізбаеў, генеральны дырэктар «Омск Карбону».
Жыхары Магілёва ў гэтым супрацьстаянні пераважна на баку актывістаў:
«Не варта труціць людзей незразумела чым проста для таго, каб зарабіць грошай».
«Наколькі я чуў, гэта харошы камерцыйны праект, але калі ён небяспечны – патрэбная камісія, каб яны вызначылі, небяспечны ён ці не».
«Канечне, я за актывістаў, бо я супраць такога горадаўтваральнага прадпрыемства ў Магілёве».
Актывісты падкрэсліваюць, што праблему забруджвання навакольнага асяроддзя ў Магілёве трэба развязваць комплексна.
«Калі ў свабоднай эканамічнай зоне «Магілёў» каля дваццаці прамысловых хімічных прадпрыемстваў, кожны з іх выкідае ў атмасферу, і ніхто не лічыць агульнай колькасці забруджвальных рэчываў, якія труцяць жыхароў гораду», – падкрэслівае Уладзімір Краўчанка.
Таму актывісты падалі ў Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя праект для стварэння адмысловай грамадскай камісіі ў пытаннях экалогіі, якая сачыла б за працаю патэнцыйна небяспечных прадпрыемстваў.
«Грамадскасць, якая жыве побач з прадпрыемствам у 5-кіламетровай зоне, дыхае гэтым паветрам – іх не купіш за грошы, бо яны трацяць уласнае здароўе», – заўважае Уладзімір Краўчанка.
Кіраўніцтва «Омск Карбону» у сваю чаргу плануе чарговы прэс-тур па прадпрыемстве, на які запрасіла і экалагічных актывістаў.
Ірына Дарафейчук, belsat.eu