22 лістапада ў КДБ у Магілёў выклікалі спадарыню Ларысу Кастусёву, жонку зняволенага старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Там Ларысу азнаёмілі з дакументамі аб накладанні арышту на іх сумесную з Рыгорам Андрэевічам маёмасць.
Па словах Л. Катсусёвай, супрацоўнікі КДБ паводзілі сябе ветліва. Гутарыў з ёй малады чалавек з Мінска. Жанчына кажа, што звярнулася да яго з просьбай паспрыяць у тым, каб яе мужу нарэшце зрабілі неабходную аперацыю. Супрацоўнік КДБ паабяцаў, што абавязкова перадасць яе просьбу свайму кіраўніцтву.
Падчас гутаркі супрацоўнік дзяржбяспекі азнаёміў Л. Кастусёву з шэрагам дакументаў аб накладанні арышту на іх сумесную з мужам маёмасць, а таксама перадаў ёй іх копіі. Згодна пратакола, арышт накладзены на кватэру і гараж палітыка ў Шклове, яго бацькоўскую хату ў аграгарадку Цяхцін Бялыніцкага раёна, а таксама на кватэру ў Магілёве, дзе жыве маці Ларысы Кастусёвай. Пажылая 81-гадовая жанчына перааформіла гэту кватэру на сваю дачку.
Нагадаем, што з рашэннем аб накладанні арышту на маёмасць старшыню Партыі БНФ азнаёмілі напрыканцы кастрычніка ў СІЗА КДБ у Мінску.
Рыгора Кастусёва затрымалі ў Шклове 12 красавіка гэтага года. Пазней стала вядома, што ён праходзіць па крымінальнай справе і абвінававаецца ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Палітык знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Мінску.
У 64-гадовага кіраўніка Партыі БНФ падазрэнне на анкалогію, аднак ні самому Кастусёву, ні яго сваякам не паведамляюць пра вынікі абследаванняў. Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання Кастусёву ў сувязі са станам здароўя або адхіляюцца, або ігнаруюцца, нягледзячы на тое, што ніякія следчыя дзеянні з ім не праводзяцца ўжо даўно. Пад вартай лідар БНФ знаходзіцца больш за паўгода.
У кастрычніку Рыгору Кастусёву ў чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, да 12 снежня 2021 года.
Напісаць ліст падтрымкі старшыні БНФ ў зняволенні можна на гэты адрас:
220050, г. Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, Кастусёву Рыгору Андрэевічу
Іван Барысаў