Галоўная » Журналіст 6tv.by Алесь Сабалеўскі выйшаў на волю

Журналіст 6tv.by Алесь Сабалеўскі выйшаў на волю

Журналіст 6tv.by Алесь Сабалеўскі сёння, 7 верасня, выйшаў на волю пасля васьмі сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавам мерапрыемстве, што прайшло ў Магілёве 30 жніўня 2020 года. У ізалятыры часовага ўтрымання (ІЧУ) на яго быў складзены новы пратакол з аналагічным абвінавачваннем па арт. 23.34 КаАП адносна дэманстрацыі 23 жніўня, з якой журналіст таксама вёў анлайн-трансляцыю.

Пра тое, што на Алеся Сабалеўскага зноў пачаты адміністрацыйны працэс стала вядома па выхадзе журналіста з ІЧУ. Праўда, пакуль, акрамя складзенага пратакола за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавам мерапрыемстве і апытання, пра гэты працэс нічога не вядома, у прыватнасці, калі адбудзецца суд.

Стаўленне адбыўшага адміністрацыйны арышт журналіста да сітуацыі, што склалася з ім тая ж што і падчас суда. “Я яшчэ на суде казаў, што гэта прававое бязмежжа. Як можна журналіста затрымліваць за тое, што ён працуе?” – казаў Сабалеўскі на ганку КПП ІЧУ.

Падчас арышту журналіст трымаў галадоўку пратэста супраць дзеяннеў, якія прымянілі да яго супрацоўнікі Ленінскага РАУС Магілёва. 30 жніўня падчас мірнага антылукашэнкаўскага шэсця яны брутальна затрымалі яго, нягледзячы на тое, што ён выконваў свае прафесійныя абавязкі – асвятляў падзею, якая адбывалася ў горадзе. Тое ж самае ён рабіў і на іншых акцыях, у тым ліку і 23 жніўня. Паводле Сабалеўскага, ён меркаваў, што яго сёння, у дзень заканчэння арышту, зноў асудзяць. Аднак гэтага не адбылося.Журналіст адзначаў, што новы адміністрацыйны працэс распачаў той жа супрацоўнік Ленінскага РАУС Паўлаў, які складаў на журналіста і папярэдні пратакол.

Сабалеўскі таксама паведаміў, што пасля суда, які адбыўся 1 верасня, ён напісаў заяву ў Ленінскі РАУС аб тым, што падчас стрыма на вуліцы Піянерскай нехта здзейсніў хуліганскі ўчынак – скінуў на людзей, і ў тым ліку на журналіста, з вакна гаршок з кветкамі. “Яшчэ я напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў Ленінскага РАУС, за тое, што мяне затрымалі без усялякіх прававых падстаў як журналіста, і што я абвесціў галадоўку ў знак пратэста супраць гэтых дзеянняў”, – заявіў Алесь Сабалеўскі.

Нягледзячы на галадоўку, журналіст сцвярджае, што пачувае сябе добра, а ІЧУ ён назваў “міні-санаторыем”, дзе “ўсё было добра” і ніякіх прэтэнзій ні да адміністрацыі, ні да супрацоўнікаў установы ён не мае.


Нагадаем, што ўвечары 30 жніўня невядомыя людзі ў штацкім адзенні затрымалі Алеся Сабалеўскага, прымусіўшы яго спыніць онлайн-трансляцыю, якую ён вёў як журналіст 6tv.by. Даведацца пра тое, што ён затраманы міліцыяй, удалося толькі праз дзень. На дзеянні міліцыянераў у абласную пракуратуру была напісана скарга з боку кіраўніцтва Магілёўскага аддзялення ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

1 верасня суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Вікторыя Палякова пакарала Сабалеўскага васьмю суткамі арышта за нібыта парушэнне часткі 1 артыкула 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Фота: Іван Барысаў

Відэа: Яўген Глушкоў

Тэкст: Уладзімір Лапцэвіч