Суд Магілёўскага раёну 5 кастрычніка разгледзеў адміністратыўную справу журналіста Аляксандра Сідарэўскага.
Журналіста вінавацілі ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту 23 жніўня і 6 верасня ў Магілёве. Сідарэўскі заявіў, што знаходзіўся на гэтых акцыях з мэтай зняць пра ніх рэпартаж.
Суддзя Максім Курпачанка задаволіў хадатайства адваката аб выкліку на судовае паседжанне ў якасці сведкаў прадстаўніка БАЖу, каб той пацвердзіў ці зняпраўдзіў, што Сідарэўскі з’яўляецца сябрам грамадскай арганізацыі і выконвае абавязкі журналіста.
У выніку ў судзе быў аб’яўлены перапынак да 12 кастрычніка. А самога Сідарэўскага адразу пасля суду вызвалілі з ізалятару часовага ўтрымання, дзе ён знаходзіўся 3 содняў да суду.
2 кастрычніка Аляксандра Сідарэўскага выклікалі на размову ў міліцэйскі пастарунак. Старшы ўчастковы інспектар Сяргей Афанасьеў паведаміў, што мае матэрыялы справы, па якой трэба апытаць Сідарэўскага. Прычым статус, у якасці каго выклікаецца журналіст, Афанасьеў назваць адмовіўся. Сідарэўскі ўвайшоў у пастарунак па адрасе вул. Фаціна, 8 у 16:30.
Прыкладна праз гадзіну журналіст звязаўся са сваёй калегай Алінай Скрабуновай і паведаміў, што супраць яго склалі адміністратыўны пратакол за паўторны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве – паводле ч.3. арт. 23.34 КаАП.
Сідарэўскі прысутнічаў на маршах пратэсту ў Магілёве як журналіст: ён быў у манішцы «Прэса», з пасведчаннем БАЖ і з камерай у руках. Але на яго ўсё роўна склалі пратакол, як на ўдзельніка мітынгу.
У Сідарэўскага ў межах гэтай адміністратыўнай справы арыштавалі ўласны мабільны тэлефон. Забраць яго журналіст зможа пасля судовага рашэння і выплаты штрафу, калі ён будзе.
Вольга Васільева, belsat.eu