Журналіст “Магілёўскага рэгіёну” Уладзімір Лапцэвіч выйшаў на волю з ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама пасля двух сутак арышту.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі Лапцэвіча вечарам 6 лістапада. Яго затрыманне праваахоўнікі патлумачылі тым, што ў журналіста ёсць “неадбытыя суткі адміністрацыйнага арышту”.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 5 жніўня, Лапцэвіч быў затрыманы нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналіста 12 суткамі арышту. Аднак журналіста выпусцілі датэрмінова 15 жніўня ў сувязі з пратэстамі супраць жорсткіх затрыманняў у Магілёве.
Такім чынам, у Лапцэвіча сапраўды заставаліся неадбытымі двое сутак арышту. Аднак пра іх праваахоўнікі чамусьці ўзгадалі толькі зараз, хоць суд Ленінскага раёна Магілёва 30 верасня караў журналіста 13 суткамі адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Лапцэвіч адбыў пакаранне цалкам, і тады супрацоўнікі міліцыі нічога не казалі пра нібыта “недаседжаныя суткі”.
Лапцэвіч збіраецца абскарджваць дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пасля выхада з ІЧУ журналіст распавёў калегам пра ўсе абставіны свайго затрымання.
Відэа: Міхаіл Аршынскі
Тэкст: Іван Барысаў