Крычаўскі журналіст Сяргей Няроўны 11 лістапада накіраваў скаргу ў Магілёўскі абласны суд. Журналіст просіць адмяніць рашэнне суда Крычаўскага раёна аб пакаранні яго адміністрацыйным штрафам на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП за падабайкі, пастаўленыя ў мінулым годзе ў сацыяльнай сетцы Facebook.
Нагадаем, што суд Крычаўскага раёна 1 лістапада пакараў Сяргея Няроўнага адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічынь. Суддзя Алена Азаранка палічыла, што сваімі падабайкамі, пастаўленымі ў 2020 годзе ў сацыяльнай сетцы Facebook, Няроўны нібыта “распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы”.
Сяргей Няроўны не пагадзіўся з рашэннем суда Крычаўскага раёна і абскардзіў яго ў Магілёўскім абласным судзе. Паводле Няроўнага, 11 лістапада ён занес скаргу ў суд Крычаўскага раёна і перадаў яе асабіста суддзі Азаранка.
Журналіст сцвярджае, што ніякім чынам не распаўсюджваў “экстрэмісцкія матэрыялы”, а падабайкі паставіў больш за год таму на сваёй закрытай старонцы Facebook, прычым калі гэтыя рэсурсы і блізка не былі “экстрэмісцкімі”.
За падабайкі пад допісамі на старонках СМІ, якія ўлады пазней прызналі экстрэмісцкімі, на Няроўнага было складзена два адміністрацыйныя пратаколы, двойчы яго затрымлівалі супрацоўнікі крычаўскай міліцыі і змяшчалі ў мясцовы ізалятар часовага ўтрымання. Дома ў журналіста правялі ператрус.
У першым пратаколе ў віну Сяргею Няроўнаму міліцыянты паставілі тое, што ён націснуў адзнаку “падабаецца” на старонцы інфармацыйнага партала Т*т.бай у Facebook, у другім — падабайку на старонцы тэлеканала “Белс*т”. Пазней пратаколы аб’ядналі ў адну адміністрацыйную справу.
Сяргей Няроўны кажа, што працэсы на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) у Крычаве працягваюцца і зараз. Людзей судзяць за падабайкі, пастаўленыя ў самых розных сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах. Паводле падлікаў журналіста, такім чынам у Крычаве пакаралі ўжо каля трох дзясяткаў чалавек.