Журналіст “Магілёўскага рэгіёну” Уладзімір Лапцэвіч, які быў затрыманы 12 мая паблізу будынка Магілёўскага абласнога суда, абвясціў галадоўку ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Пра гэта стала вядома сёння, 13 мая, пасля таго, як сын журналіста павёз перадачу Лапцэвічу. Супрацоўнікі ІЧУ паведамілі, што Лапцэвіч абвесціў галадоўку, таму прадукты харчавання яны браць не будуць. Пасля доўгіх перамоў журналісту дазволілі перадаць толькі піццявую ваду і некаторыя рэчы.
Па словах жонкі журналіста Наталлі, напярэдані яго затрымання ў гутарцы з ёй Лапцэвіч паведаміў, што абвесціць галадоўку, калі пасля затрымання яго правы ў міліцыі альбо ІЧУ будуць парушацца. Рыхтуючыся да асвятлення пачатку разгляду крымінальнай справы супраць цэлай групы палітвязьняў у Магілёўскім абласным судзе 12 мая, Лапцэвіч не выключаў, што ён можа быць затрыманы супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
12 мая у судзе Магілёўскай вобласці ў 10.30 пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітвязьняў Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніч, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Ірыны Шчаснай і Дзмітрыя Казлова (Youtube-блогера “Шэры кот” ).
Міліцыя запатрабавала ад людзей, якія раніцай прыйшлі падтрымаць палітвязняў, разысціся ад будынка Магілёўскага аблсуда. У адваротным выпадку, як заявіў супрацоўнік Ленінскага РАУС Карніенка), міліцыя будзе расцэньваць гэта як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Нагадаем, што журналісты інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч былі затрыманыя ўчора, 12 мая, пасля таго як раніцай пайшлі ад будынка Магілёўскага абласнога суда. Аляксандр Буракоў быў затрыманы непадалёк ад офіса ТРК “Магілёў”, Уладзімір Лапцэвіч – у дварах дамоў непадалек ад суда.
У адносінах абодвух журналістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы па ч. 3 арт. 24.23 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), абвінаваціўшы ў паўторным на працягу года «удзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве». Буракову і Лапцэвічу пагражае ад 20 да 200 базавых штрафу або ад 15 да 30 сутак арышту.
Журналісты сваю віну ў інкрымінаваным правапарушэнні не прызналі. Яны адзначаюць, што пакінулі тэрыторыю каля Магілёўскага абласнога суда адразу ж пасля прагучаўшага з боку супрацоўнікаў міліцыі папярэджання.
Абодвух журналістаў пасля РАУС адвезлі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама, яны затрыманыя да суда. Родныя журналістаў кажуць, што пра дату судоў пакуль нічога не вядома.
- PS. Магілёўскія праваабаронцы паведамляюць, што галадоўку ў ІЧУ таксама аб’явіў і журналіст Аляксандр Буракоў.
Іван Барысаў