Карэспандэнта інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Алеся Сабалеўскага 10 лістапада выклікаюць у суд Ленінскага раёна Магілёва для разгляду адміністрацыйнай справы па арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Адпаведнае СМС-паведамленне з суда Ленінскага раёна журналіст атрымаў сёння на свой мабільны тэлефон. Сабалеўскаму патрэбна з’явіцца ў каб.305 суда к 14:30 10 лістапада.
Сам журналіст мяркуе, што ў судзе працягнецца разгляд яго адміністрацыйнай справы, звязанай з яго затрыманнем на “Маршы герояў” 13 верасня. Тады супрацоўнікі міліцыі затрымалі Сабалеўскага на акцыі пратэсту, хоць добра бачылі, што Алесь працаваў там менавіта ў якасці журналіста, робячы рэпартаж для “Магілёўскага рэгіёну”. Журналіста “пасадзілі” у Магілёўскі ІЧУ на трое сутак да суда.
Справу ў судзе Ленінскага раёна 16 верасня разглядала суддзя Таццяна Касцюк. На разгляд справы самаго Сабалеўскага не прывезлі. Суддзя пачала разглядаць справу праз відэасувязь, аднак ужо праз дзесяць хвілін спыніла працэс, убачыўшы шматлікія недарэчнасці ў падрыхтаваных супрацоўнікамі міліцыі матэрыялах. Таццяна Касцюк накіравала справу «на дапрацоўку» назад у РАУС.
Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі завезлі Алеся ў абласное ўпраўленне судовых экспэртызаў, там сфатаграфавалі ў розных ракурсах, узялі адбіткі пальцаў, і толькі пасля гэтага адпусцілі.
Алесь Сабалеўскі, разам з тым, не выключае, што “зноў нешта адшукалі па 23.34”, і яго могуць выклікаць у суд для разгляду нейкай новай адміністрацыйнай справы. Магілёўская міліцыя зараз складае адпаведныя пратаколы ў адносінах да магілёўцаў па абсалютна надуманых падставах.
Іван Барысаў. Фота аўтара