Журналіста інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Уладзіміра Лапцэвіча 28 студзеня выдалілі з будынку суда Кастрычніцкага раёна Магілёва. Зрабіў гэта асабіста начальнік аддзела аховы праварадка і прафілактыкі Ленінскага РАУС Магілёва Цімур Пахоменка.
Як распавёў сам журналіст, сёння ў судзе Кастрычніцкага раёна павінен працягнуцца разгляд справы экс-кіраўніка магілёўскага філіяла “Белгазпрамбанка” Сяргея Кармызава. Падчас судовага пасяджэння павінен выступаць са сведчаннямі сам Сяргей Кармызаў, які быў затрыманы і арыштаваны па падазрэнні ў махлярстве напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у чэрвені 2020 года. Кармызаў быў членам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыка.
Лапцэвіча выдалілі з будынка суда, спаслаўшыся на тое, што ў зале судовага пасяджэння, дзе разглядаецца справа Кармызава, нібыта няма вольных месцаў. Між тым суд над банкірам разглядаецца ў адкрытым фармаце.
Журналіст адзначае, што зараз яго наогул не прапускаюць у будынак суда Кастрычніцкага раёна. З-за гэтага ён не можа нават напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў Кнізе заўваг і прапаноў.
Іван Барысаў