Журналіст “Магілёўскага рэгіёну” Уладзімір Лапцэвіч пакараны 13 судкамі адміністрацыйнага арышту за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).
Лапцэвіча ў суд Ленінскага раёна не прывезлі, яго судзілі праз Skype. Ад самага пачатку пасяджэння суддзя суда Ленінскага раёна Магілёва Наталля Панасенка не задаволіла ніводнага хадайніцтва журналіста, у тым ліку нават не дазволіла яму азнаёміцца з матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Увесь працэс працягваўся каля 50 хвілін, падчас яго не было зроблена ніводнага перапынку.
Як стала вядома ад самога Лапцэвіча падчас судовага працэсу, яшчэ ў Ленінскім РАУС яму адмовіліся даць абаронцу і не патлумачылі ягоных правоў, што ён і адзначыў у пратаколе.
Адзіным «доказам» віны журналіста ў матэрыялах справы было 5-секунднае відэа, знятае супрацоўнікамі міліцыі. На ім бачны мужчына, падобны на Лапцэвіча, але адсутнічае хоць якая выява калоны з пратэстоўцамі.
Між тым, у матэрыялах справы было запісана, што Лапцэвіч рухаўся ў калоне з пратэстоўцамі. Сам журналіст сцвярджаў, што ён рухаўся на адлегласці ад калоны і быў на акцыі як журналіст “Магілёўскага рэгіёну”. Ён вёў фота- і відэафіксацыю таго, што адбывалася падчас акцыі пратэсту.
Нягледзячы на пераканаўчыя аргументы Лапцэвіча, суддзя Наталля Панасенка прызнала яго вінаватым ва ўдзеле 23 верасня ў акцыі пратэста супраць інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і пакарала яго за гэта 13 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Нагадаем, што У.Лапцэвіч быў затрыманы перад пачаткам акцыі пратэсту 27 верасня у Магілёве. Ад 27 верасня журналіст знаходзіўся ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Іван Барысаў