Журналіста інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Аляксандра Буракова (старэйшага) 18 сакавіка выклікалі на допыт у Следчы камітэт.
Як паведаміў сам Буракоў, яго сустрэча са следчым павінна адбыцца ў 14:00. Журналіст збіраецца пайсці на допыт разам са сваім адвакатам.
Нагадаем, што 18 лютага ў кватэры, дзе пражывае Буракоў, супрацоўнікі міліцыі правялі вобшук. Супрацоўнікі ГУБАЗіК прад’явілі ордэр на вобшук паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, падпісаны намеснікам Генеральнага пракурора РБ. Яны перавярнулі літаральна ўсю кватэру. У журналіста забралі ноутбук, тэлефон і носьбіты інфармацыі.
Крыху раней, 16 лютага, вобшук адбыўся ў кватэры бацькоў Аляксандра Буракова. У іх таксама забралі камп’ютарную тэхніку і носьбіты інфармацыі.
Акрамя гэтага, абсалютна нечакана падатковая інспекцыя Ленінскага раёна Магілёва запатрабавала ад журналіста прадаставіць дэкларацыю аб даходах і маёмасці за перыяд з 1 студзеня 2020 г. па 28 лютага 2021 г.
Журналіст лічыць, што пераслед з боку ўладаў звязаны з яго журналісцкай і праваабарончай дзейнасцю.
Іван Барысаў