Галоўная » Журналіста Сяргея Няроўнага судзяць нават не за рэпосты, а за лайкі пад «экстрэмісцкім кантэнтам»

Журналіста Сяргея Няроўнага судзяць нават не за рэпосты, а за лайкі пад «экстрэмісцкім кантэнтам»

Крычаўскага журналіста Сяргея Няроўнага судзяць нават не за рэпосты, а за лайкі пад «экстрэмісцкім кантэнтам». Журналіста вызвалілі да наступнага працэсу.

Учора былога рэдактара крычаўскай газеты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага затрымалі ўжо па новай адміністрацыйнай справе за «экстрэмізм». Сёння высветлілася, што вінавацяць нашага калегу нават не за рэпосты, а за лайкі пад публікацыямі на старонках СМІ, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

У першым пратаколе ў віну Няроўнаму ставяць лайк на старонцы ТУТ.БАЙ у фэйсбуку, у другім – лайк на старонцы незалежнага беларускага тэлеканала. Міліцыянты лічаць, што сваімі лайкамі журналіст нібыта распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў лічыць гэтыя абвінавачанні поўным абсурдам. Як і прызнанне старонак незалежных медыя экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Сёння стала вядома, што суды па абедзвюх справах супраць Няроўнага перанеслі на наступны тыдзень. Самога журналіста вызвалілі да суду.

У мінулыя выходныя дома ў журналіста міліцыянты правялі ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку.