Суддзя Ленінскага райсуда Магілёва Вікторыя Палякова, пачаўшы сёння разгляд справы журналіста «Магілёўскага рэгіёна» Алеся Буракова, празначыла абвяшчэнне прысуду на 12 мая.
Прэтэнзіі да Алеся Буракова зыходзяць па вялікім рахунку ад супрацоўніка Ленінскага РАУС Магілёва Паўла Башарымава, які адначасова выступае як сведка на працэсе журналіста. Паводле пратакола апытання міліцыянера, 6 мая Буракоў прыехаў на сваім аўтамабіле з двума чалавекамі да ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе цягам «крыху больш за дзве хвіліны» прымаў удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Праўда, пра тое, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства, ніхто Буракову не паведамляў. Таксама з пратаколу невядома, якім яно было – дэманстрацыяй, мітынгам, пікетам ці шэсцем. Насамрэч людзі сабраліся перад ІЧУ з мэтай высвятлення лёсу блогера Сяргея Ціханоўскага, які 5 мая прыехаў у Магілёў на сустрэчы са сваімі падпісчыкамі, а потым быў затрыманы.
Праўда, на судзе Башарымаў сцвярджаў, супярэчыўшы самому сабе, што Буракоў знаходзіўся на вуліцы Крупскай, дзе месцяцца магілёўская турма, СІЗА і іЧУ 10-15 хвілін. Суддзя Палякова ніякім чынам не адрэагавала на такую розніцу ў паказаннях. Паводле міліцыянера, ён, праязджаючы міма, заўважыў натоўп людзей. Будучы апранутым у штатскае, Башарымаў пайшоў паглядзець, што там робіцца і ўбачыў Буракова, пра якога ведае, што ён з’яўляецца актыўным удзельнікам акцый апазіцыйна настроеных грамадзяян. На гэта Буракоў заўважыў, што па сутнасці Башарымаў займаецца палітычным пераследам.
Паводле сведчанняў міліцыянера, потым ён праглядаў відэа ў інтэрнэце з таго сходу і зноў убачыў на ім Буракова. Дыск з відэазапісам быў далучаны да матэрыялаў справы.
У сваю чаргу Буракоў адзначаў, што ніякага мерапрыемства на вуліцы Крупскай перад турмой і ІЧУ не было. Людзі па-просту тапталіся на месцы. Ён жа прывёз да іх двух вадзіцеляў, з якімі да затрымання ездзіў па Магілёву Сяргей Ціханоўскі. У Магілёўскім РАУС у іх забралі машыны на экспертызу, а людзі – прыхільнікі блогера хваляваліся за адзіцеляў, не ведаючы, дзе яны. На відэа, прыкладзенага да справы, бачна, што Буракоў цягам некалькіх секунд толькі кажа пра тое, што вось вадзіцелі і з імі ўсё ў парадку. Ні ў якім абмеркаванні ён удзелу не прымаў, людзі да яго падыйшлі самі.
Абодва водзіцелі – Сяргей Лазарэнка і Андрэй Ільюк сядзелі ў машыне Буракова. Праўда, выйсці і паказацца тым, хто сабраўся яны не захацелі. Чаму? Магчыма, яны ведалі, што ў далейшым іх будзе чакаць лёс цяперашніх падсудных за сустрэчы з блогерам. А вось Буракоў гэтага не ведаў. Ён прыехаў на вуліцу Крупскай, выконваючы свае журналістскія і праваабарончыя функцыі.
8 мая журналіста затрымалі каля Кастрычніцкага райсуда Магілёва, куды ён прыйшоў, каб зрабіць матэрыял пра раней затрыманых. Трое сутак Буракоў правёў у ІЧУ. Чым яшчэ будзе пакараны журналіст стане вядома 12 мая а 10:00.
Уладзімір Лапцэвіч