Галоўная » Жыхара Магілёва судзяць за ўдзел у акцыі, на якой ён не прысутнічаў

Жыхара Магілёва судзяць за ўдзел у акцыі, на якой ён не прысутнічаў

«Я быў дома з сям’ёй і сябрам, а мяне судзяць, як удзельніка сустрэчы аўтадому «Краіны для жыцця», – абураецца жыхар Магілёва Ігар Шчамялёў.

Увесь вечар 5 траўня Ігар Шчамялёў правёў дома ў другім раёне гораду – цвердзіць мужчына, таму на сустрэчы з блогерамі на Віцебскім праспекце – не прысутнічаў. На Ігара Шчамялёва склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння паводле артыкулу 23.34 КаАП, за які прадугледжанае пакаранне ў выглядзе штрафу ці содняў.

«Я жыву на вуліцы 30 год Перамогі. Пра тое, што ў Магілёве 5 траўня адбыўся інцыдэнт на праспекце Віцебскім, даведаўся позна ўвечары з інтэрнэту. Першы раз міліцыянты прыйшлі да мяне 7 траўня, забралі ў РАУС на размову, пратрымалі там 2 гадзіны і адпусцілі са словамі «Мы выбачаемся, прынялі вас за парушальніка».

Ігар Шчамялёў у судзе

На наступны дзень 8 траўня прыйшлі ўжо іншыя супрацоўнікі РАУС і забралі мяне зноўку. Я паехаў на сваёй машыне, бо быў упэўнены, што гэта памылка. Але там мяне адразу пачалі пакаваць на суткі.

«Даставай шнуркі і паехалі. Патлумачыць сваю пазіцыю мне нават не далі», – кажа Ігар Шчамялёў.

Трое содняў Ігар правёў у ІВС, а 11 траўня яго прывезлі ў суд Кастрычніцкага раёну Магілёва. У якасці сведкі Ігар запрасіў свайго сябра, які 5 траўня быў у яго ў гасцях. Пасля сведчанняў сябра суддзя Жанна Пушкіна адклала разгляд справы да 14 траўня.

«Яшчэ было дзіўна, што адразу пасля той акцыі мне пачалі пісаць у тэлеграм невядомыя людзі. Яны запытваліся, ці быў я на той сустрэчы, ці не, дасылалі мне фотаздымкі адтуль. Я адказваў агульнымі фразамі, бо адразу зразумеў, што гэта нейкія правакатары», – узгадвае Ігар.

У судзе Ігар спрабаваў даказаць сведкам, што яны памыліліся

14 траўня свае сведчанні на судзе супраць Ігара Шчамялёва далі тры міліцыянты. Супрацоўнік ДАІ Артур Цярэшчанка выступаў у якасці сведкі амаль на ўсіх судах над удзельнікамі сустрэчы аўтадому 5 траўня на Віцебскім праспекце. Не стаў выключэннем і Ігар Шчамялёў, яго інспектар ДАІ нібыта апазнаў у натоўпе і нават запомніў, у чым ён быў апрануты. Хаця бацька Ігара Міхась Шчамялёў заявіў, што гэты сведка, як толькі з’явіўся ў судзе, паказаў на Ігара і спытаў у сваіх калег, ці «гэта ён ці не».

І тым не менш, на судзе Артур Цярэшчанка сказаў упэўненае «так», пацвердзіўшы прысутнасць Ігара Шчамялёва на акцыі. Тая ж самая сітуацыя паўтарылася і з двума другімі сведкамі з боку міліцыі. На пытанне Ігара, ці дапускаеце, што вы маглі памыліцца, усе яны адказалі адмоўна.

На судзе паказалі відэа з акцыі, на якім Ігара Шчамялёва няма

Прыйшоў час праглядаць відэазапіс, які маецца ў справе Ігара Шчамялёва ў якасці доказаў ягонай вінаватасці. Відэа вельмі добрай якасці, зробленае аператыўнікамі падчас правядзення сустрэчы блогераў з жыхарамі Магілёва ля ГЦ «Гіпа». На відэа сведкі ўказалі на лысага мужчыну з барадой і назвалі яго Ігарам Шчамялёвым.

«Дык гэта ж нейкі стары мужык, а Ігар – малады хлопец», – абурыліся прысутныя ў залі суда.

Ігар таксама заўважыў, што на відэа мужчына без павязкі на твару і таму добра бачна, што гэта зусім іншы чалавек.

«Ну што цяпер скажаце?» – задала пытанне сведкам суддзя Жанна Пушкіна.

І цішыня. Усе трое супрацоўнікаў праваахоўных органаў не ведалі, што ім адказаць. Пасля паўторнага прагляду і доўгага абмеркавання Ігар яшчэ раз перапытаў усіх трох сведкаў, ці ўпэўненыя яны зараз, што там быў менавіта ён. І атрымаў адказ ад праваахоўнікаў, што цяпер яны ўжо не могуць казаць упэўнена, што на акцыі прысутнічаў менавіта Ігар Шчамялёў.

Працяг разгляду справы Ігара Шчамялёва прызначаны на 29 траўня

Ігар Шчамялёў заявіў хадайніцтва, каб суддзя запрасіла білінг яго мабільнага тэлефону 5 траўня ў часе акцыі, каб спраўдзіць, дзе ён знаходзіўся. А таксама білінг прылады ягонага сябра, які выступаў сведкаю на судзе, каб пераканацца, што яны былі разам у той вечар.

Суддзя Жанна Пушкіна задаволіла хадайніцтва і прызначыла наступнае паседжанне па справе на 10:00 гадзін 29 траўня.

«Я думаю, што ў міліцыі быў пэўны план па колькасці затрыманых і яны выконвалі яго любым шляхам. Гэта так званая палачная сістэма. Яны паспяшаліся ў выпадку са мной і сапраўды дапусцілі памылку», – зрабіў выснову Ігар пасля суда.

Сведкамі ў судзе супраць Ігара выступілі тры супрацоўнікі МУС

Фота: «Белсат»

Вольга Васільева, Belsat.eu