Ірына Стрэчын, якая заняла пасаду старшыні Дрыбінскага райвыканкама, будзе мала на што ўплываць, бо ў цяперашняй сітуацыі не мае значэння, хто менавіта займае вышэйшы пост у раённай вертыкалі выканаўчай улады. Такімі думкамі падзяліліся з “Магілёўскім рэгіёнам” некаторыя жыхары Дрыбішчыны.
Новую пасаду Ірына Стрэчын атрымала з рук Аляксандра Лукашэнкі 6 снежня 2021 года. І стала першай жанчынай – старшынёй Дрыбінскага райвыканкама. Як падаецца ў разнастайных праўладных СМІ, да гэтага яна працавала дырэктарам ТАА “Міхееўка-Агра”. Аднак, працавала яна на папярэдняй пасадзе вельмі нядоўга – менш за год, бо яшчэ ў студзені гаспадарку ўзначальваў Андрэй Лапо, які кіраваў там некалькі гадоў, а Стрэчын была яго намесніцай.
“Андрэй нармальны хлопец, працаваў, стараўся. Такі савецкі, але працавіты, малады. Панаводзіў парадкі ў Міхееўцы, малайчына. Людзі былі задаволеныя. Таму яго ўзімку і папёрлі. Грошамі калгаснымі зараз распараджаецца райвыканкам. Ва ўсіх няма, а ў яго ёсць. Прыйшлося сыходзіць”, – распавёў адзін з жыхароў раёна. Цяпер Лапо кіруе ААТ «Знамя труда» на суседняй Мсціслаўшчыне.
У Дрыбіне лічаць, што Стрэчын наўрацці магла б доўга прапрацаваць на месцы кіраўніка калгаса. “Што яна сёння можа зрабіць у калгасе? Колькі гэты хлопец стараўся, і такіх прыкладаў вельмі мала, а ў яго нешта атрымалася. А ўявіць жанчыну, што яна будзе з тымі алкашамі дзень і ноч ваяваць?” – кажа другі дрыбінец.
“Ну а ў раёне ў прынцыпе ад яе нічога не залежыць. Сёння можна хоць каня Будулая ставіць кіраваць гэтым раёнам. Таму ніхто і не ірваўся сюды. Ну а ёй якая розніца? Зваліць з гэтай Міхееўкі на нармальны заробак, у цёплы кабінет, а не з гэтымі алкашамі змагацца. Чаму не? Тут усё натуральна”, – мяркуе жыхар раёна, які папрасіў не называць яго імя.
Пакуль на сайце Дрыбінскага райвыканкама не пазначана, хто з’яўляецца яго старшынёй. Зыходзячы з таго, што кажуць апытаныя дрыбінцы, гэта сапраўды не вельмі істотна. Уласна і сама Ірына Стрэчын ніяк не праявіла нейкую адметнасць, каментуючы сваё новае прызначэнне. Яна толькі выказала агульныя фразы пра любоў да краіны і працы. Па меншай меры так яе словы перадала праўладная Белта: “Самое главное – надо любить свою страну, свое дело и трудиться так, чтобы не было стыдно за работу. Надо просто работать и ответственно все делать”, – сказала новый руководитель райисполкома. При этом она обратила внимание: очень многое зависит от дисциплины и здесь должны быть жесткие требования. “Надо стараться делать все для развития страны”, – подчеркнула Ирина Стречин”.
Папярэдні старшыня Дрыбінскага райвыканкама Мікалай Сцяпанаў працаваў на данай пасадзе са жніўня 2019 года.
Сяргей Вяршынаў