Жыхар горада Чавусы размясціў у сацыяльных сетках запіс, у якім выказаў свае абурэнне практыкай прымусовай падпіскі на раённую газету “Іскра”.
“У Чавусах і Чавускім раёне на працоўных месцах зноў сталі настойліва прасіць аформіць падпіску на раённую газету “Іскра”. І не забыцца даць справаздачу, падаўшы працадаўцу квітанцыю, у доказ выканання. Гэта патрабаванне прадыктавана, вядома, не клопатам аб нашай адукацыі і інфармаванасці. Усё значна прасцей: гэтую «прэсу», якую добраахвотна наўрад ці хто б стаў выпісваць, трэба неяк ўтрымліваць. Самы просты спосаб – з нашых кішэняў”.
Аўтар пабліку піша, што апошнім часам кошт месячнай падпіскі на газету “Іскра” вырас з 5,90 руб. да 6.50 руб., пры гэтым працаўнікі розных арганізацый скардзяцца на тое, што падпіску патрабуюць рабіць мінімум на 3 месяцы.
“Штучнае накручванне падпісак, і як следства павелічэнне тыражу газеты. Работнікаў многіх дзяржаўных устаноў, пад пагрозай звальнення ці пазбаўлення прэмій прымушаюць выпісваць шэраг перыядычных выданняў, у тым ліку і “Іскра”. Гэта не толькі падрывае прэстыж газеты і прыніжае тых, хто вымушаны супраць сваёй волі яе выпісваць”, — выказвае свае меркаванне аўтар допісу. Таксама ён дае шэраг парад, як адмовіцца ад прымусовай падпіскі.
Падчас веснавой падпісной кампаніі жыхары Чавус ужо выказвалі свае абурэнне існуючай у раёне практыкай “добраахвотна-прымусовай” падпіскі на дзяржаўныя выданні.
“Падпіска ажыццяўляецца строга добраахвотна і пад подпіс. Хто не падпісаўся — мінус прэмія. Адмовіцца немагчыма”, — напісаў тады ў каментарах адзін з жыхароў раёна.
У Чавусах працуюць толькі дзве прамысловыя арганізацыі – ААТ «Чавускі завод жалезабетонных вырабаў» і Чавускі УКП «Жылкамгас», таксама дзейнічаюць два невялікіх вытворчых участка Чавускага райспажыўтаварыства і ААТ “Бабуліна крынка”. Шмат месцічаў працуе ў разнастайных бюджэтных арганізацыях, дзе адмовіцца ад “добраахвотна-прымусовай” на дзяржаўныя газеты вельмі цяжка, бо людзі баяцца згубіць працу.
Крыніца: baj.by