Зміцер Антончык кажа, што псіхалагічна было вельмі цяжка заставацца ў краіне.
Зяць Рыгора Кастусёва Зміцер Антончык 23 красавіка пакінуў Беларусь. Зараз ён знаходзіцца ў Варшаве. Зміцер кажа, што ў Шклове ён адчуваў пастаянны ціск, і яму было псіхалагічна цяжка заставацца ў краіне.
Нагадаем, што старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Шклове 12 красавіка. Пазней з’явілася інфармацыя, што ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ у Мінску як падазраваны ў арганізацыі і падтрымцы «дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак».
Неўзабаве ў Маскве сумеснымі сіламі КДБ і ФСБ былі затрыманыя беларускі філолаг і палітолаг Аляксандр Фядута, а таксама адвакат Юрась Зянковіч. Як аказалася, гэта падзеі аднаго кшталту: у эфіры дзяржаўнага тэлеканала АНТ кіраўнік КДБ Іван Церцель заявіў, што Фядута, Зянковіч і Кастусёў арганізавалі злачынную групу, мэтай якой было звяржэнне ўлады.
13 красавіка ў Шклове супрацоўнікі праваахоўных органаў спынілі зяця Кастусёва Змітра Антончыка, каб правесці вобшук у яго на дачы. Агулам вобшук працягваўся каля трох гадзін, у Змітра забралі камп’ютар, кнігі, CD-дыскі і “стары некамплектны страйкбольны прывад аксу”.
Як распавядаў mspring.media сам Зміцер неўзабаве пасля затрымання Рыгора Кастусёва: «Самае страшнае, што ёсць невялікі адсотак грамадзян, якія вераць у тое, што паказвае тэлебачанне і яны рэагуюць на гэта па-свойму, а мы, як жыхары невялікага гарадка Шклова можам на сабе гэта адчуць.
Ад знаёмых, акрамя падтрымкі, я ніякай рэакцыі не бачыў. Але на некалькіх прыкладах магу сказаць, што людзі адварочваюцца, імкнуцца так пазбягаць. Не ведаю. Гэта альбо страх, альбо нейкае незадаволенасць”.
Сёння раніцай Зміцер паведаміў у фэйсбуку, што ў машыне Рыгора Кастусёва, якая стаіць каля пад’езда яго дома ў Шклове, прабілі ўсе колы. Пра здарэнне даведаўся Зміцер даведаўся ад свайго бацькі.
Дачка палітыка Кацярына Кастусёва збіраецца падаць у Шклоўскі РАУС заяву на дзеянні “невядомых хуліганаў”.
Іван Барысаў