Галоўная » Зміцер Дашкевіч: «Мільёны людзей 26 гадоў расьцілі Зьвера»

Зміцер Дашкевіч: «Мільёны людзей 26 гадоў расьцілі Зьвера»

Вядомы актывіст, грамадскі дзеяч піша пра план Перамогі.

І. Што робіцца?

Наглядзеўшыся жахлівых навінаў пра арышты, суды і расправы, ледзь ня кожны цяпер пытаецца: што гэта робіцца і што будзе далей? Я думаю, гэта было ад пачатку зразумела: як толькі сыдзе вуліца, адразу пачнецца зачыстка. Хоць здаровы розум да апошняга ня мог паверыць, што ў 2021 годзе ў цэнтры Эўропы можа адбывацца тэрор, які па дадзеных праваабаронцаў паставіў Беларусь па ўзроўні свабоды ў адзін шэраг з ваюючым Сектарам Газа. Але гэта адбываецца на нашых вачах: катаваньні на Акрэсьціна і калоніі за журналісцкую працу. Нават нацыянальны сьцяг, пад якім абвяшчалася Незалежнасьць і ў 1918, і ў 1991, падвяргаецца такому перасьледу, што становіцца вусьцішна: выбітыя вокны, канфіскаваныя машыны і арышты, арышты, арышты. Мэта адна – жудаснымі рэпрэсіямі, якія выклікаюць жах (лацінскае “terror” – страх, жах) застрашыць нас, прымусіць штодня, чытаючы навіны, быць у жаху – гэта і ёсьць тэрор. Наколькі гэта, канешне, магчыма ў 2021 годзе ў цэнтры Эўропы.

Я і сам баюся: іду ў Курапаты, дык пішу на працы тэстамент і зьбіраю рэчы для камеры. Але, на жаль, інакш быць не магло. Нам трэба гэта вельмі цьвяроза ўсьвядоміць: мільёны людзей 26 гадоў расьцілі Зьвера; сотні чысяч адэптаў Бацькі хлусьні фальсыфікавалі, ілжэсьведчылі, зьбівалі чвэрць стагодзьдзя. Яшчэ раз, мы мусім прамовіць гэта ўголас: “ЧВЭРЦЬ СТАГОДЗЬДЗЯ” і “МІЛЬЁНЫ ЛЮДЗЕЙ”. Дык як мы сабе ўяўлялі, каб з гэтым усім разьвітацца: за дзень, за тыдзень? Каб мы разьвіталіся хутка, памянялася б толькі прозьвішча кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі, а ўсе адэпты тэрора – ад “ліберала” замежніка да будаўніка канцлагераў, ад 26-гадовага ілжывага прапагандыста да 22-гадовай пракуроршы, якая адпраўляе дзяўчынак журналістак у зону – усе яны, армія, АРМІЯ ман’якаў засталіся б на сваіх месцах. Цяпер жа дзень за днём галоўны ман’як зьбірае, каб уцягнуць з сабою ў пекла ўсіх астатніх ман’якаў.

Дый мы самі, як народ, ці былі гатовыя да хуткіх пераменаў? Я ўзгадваю словы аднаго зь лідэраў страйкамаўскіх камітэтаў і Рады, якая ў жніўні зьбіралася ўжо пераймаць уладу – словы пра тое, які Лукашэнка дыктатар кепскі, а Пуцін які дыктатар добры. Мы нават маўчым пра іншых “лідараў”, якія шчасьлівыя ў Крэмль на паклон зганяць і ганяюць. Вы ўяўляеце, што робіцца ў галовах людзей? Таму я думаю, каб перамены адбыліся хутка, мы самі, як толькі народжаная нацыя, маглі б гэтага ня вытрымаць – разарвалася б на кавалкі наша кволая сьвядомасьць. Хто мае вушы пачуць, той пачуе: я кажу пра нацыю, як адзіны арганізм, у якім кожны адказны за кожнага. Таму доўгі шлях – ён працуе на нас, ён дзеля нас саміх.

Падобнае ўжо было ў нашай гісторыі. У 1988 годзе, калі Праўда пра Курапаты скаланула Беларусь і нават Савецкі саюз, кожны, хто пайшоў за Праўдай, абсалютна дакладна разумеў, што Турма народаў – усё, ёй канец. Хоць Імпэрыя зла канчалася ў канвульсіях шчэ некалькі год. І я думаю, па той жа самай прычыне: каб максімальна выявіліся і зышлі на звалку гісторыі ман’які; каб сьвядомасьць людзей Праўды была падрыхтаваная да нечуваных выклікаў нацыі, якая нараджаецца. Хоць, як мы не да канца асэнсавалі Праўду Курапатаў, то шмат ман’якаў са звалкі вярнуліся. Але і Незалежнасьць была абвешчана, і Сьцяг уваскрос. Так і зараз: кожны, хто сёньня не прадаў неўміручую душу хлусьні, абсалютна дакладна разумее: Лукашэнка – усё, яму канец. Забудземся ўвогуле на гэтага ходзячага пякельніка – няма яго, ён кончыўся. Нам трэба гэта вельмі дакладна разумець: тое, што з намі робіцца цяпер – робіцца самым лепшым чынам, лепш не магло быць! – рыхтуецца ачышчэньне Беларусі ад арміі ман’якаў і ідзе працэс ачышчэньня сьвядомасьці народа.

ІІ. Што рабіць?

Гэтае, што тут ужо хавацца – радаснае пасланьне – натхняе кожнага суразмоўцу задаць наступнае пытаньне: “Дык што рабіць?” Бог, быўшы з намі ў целе, заўсёды казаў пра дзьве запаведзі, на якіх трымаецца сусьвет: Любі Бога і любі бліжняга, як самога сябе. І другую запаведзь Ён шматкроць тлумачыў тагачасным змагарам за Праўду: што хочаце, каб іншыя вам рабілі, тое і вы ім рабіце; хто хоча быць сярод вас першым, той хай будзе апошнім і слугою ўсіх. І сёньня гэта адна з лёсавызначальных справаў для нас: ня думаць пра іх, а думаць пра нас; не турбавацца пра пякельніка, а турбавацца пра саміх сябе – быць слугою кожнаму змагару за Праўду. Ты можаш ахвяраваць сем’ям палітвязьняў – ахвяруй, ты можаш падтрымаць заняпалага духам – падтрымай, ты можаш памаліцца за змучанага целам ці душою – памаліся. Калі мы хоць на гарчычнае зерне навучымся любіць кожнага змагара, як самога сябе – гэта ўжо палова нашае перамогі. І калі вы ўжо забыліся на пякельніка, перасталі чытаць пра яго навіны і вырашылі пасадзіць гарчычнае зерне, я скажу вам, што ёсьць другая палова нашае перамогі.

Другая палова перамогі: гэта дар, дадзены нашаму народу пры нараджэньні, як Тата Нябёсны адзін у нас, так адна ў нас яна – родная мова. Мы доўга грэбавалі ёю, мы доўга казалі “потом”, “какая разница”, “не имеет значения”. Але ўсё ў гэтым сьвеце мае значэньне, тым больш родная мова, тым больш родная мова пад акупацыяй, у часіны тэрору. Калі мы маглі без рэпрэсій выходзіць на праспекты, мы пра гэта ня думалі. Калі мы маглі без турэмных наступстваў уздымаць сьцяг, мы родную мову адкладалі на потым. Цяпер, калі за сьцяг – содні, за мітынг – арышт, за журнілісцкую працу – зона, цяпер мы ўзгадваем, што забыліся на самую галоўную сваю зброю – родную мову.

За родную мову акупанты пакуль што не пасадзяць цябе, за родную мову “государевы людзі” пакуль што не расстраляюць цябе, за родную мову на працы ці ў краме карнікі пакуль што не накінуцца на цябе. Родная мова цяпер, як трапна заўважыў Аляксей Шэін, гэта твой штодзённы адзіночны пікет. Калі гэта сёньня апошняе, што засталося ў тваіх магчымасьцях зрабіць – зрабі, бо гэта апошняе ёсьць першым.

Канешне, мова – гэта меч цяжкі, ім трэба вучыцца карыстацца. Але ўжо ў гэтую секунду ты можаш дастаць меч з ножнаў – пачаць казаць “дзякуй”, “прывітаньне”, “калі ласка” – і казаць гэтыя словы заўсёды і паўсюль заместа іншамоўных адпаведнікаў. Толькі ўяві сабе, калі б мільёны патрыётаў сказалі сёньня ў краме “дзякуй” – як памяняўся б навокал этэр, як у імгненьне адным толькі словам перамянілася б Беларусь! А потым ты заўважыш, як майстэрства двусечнага мяча пранікае ў цябе глыбей і глыбей, пакуль ты ня станешся напоўніцу ўзброеным змагаром за Праўду, які выйшаў на гэты цяжкі, але радасны шлях да перамогі.

Дык цяпер, на нашым даўжэйшым, чым мы думалі, і цяжэйшым, чым мы хацелі б, шляху да перамогі, учапіся за Таго, Хто кажа пра Сябе: Я ёсьць Шлях, Праўда і Жыцьцё; любі кожнага змагара за Праўду, як самога сябе; трымай двусечны меч – на гэтых запаведзях трымаецца Беларусь, гэтыя запаведзі – наш план, які гарантуе Перамогу.