Старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які ад 12 красавіка знаходзіцца пад вартай у СІЗА, пачалі лячыць, аднак яму неабходна тэрміновая аперацыя.
«З 14 кастрычніка мне пачалі хоць нейкае лячэнне. Па два ўколы колюць кожны дзень, куча таблетак, — піша ў лісце Кастусёў. — Кажуць, што сітуацыю можа выправіць толькі аперацыя. Пры гэтым тэрміновая».
14 кастрычніка Рыгору Кастусёву яшчэ раз зрабілі УГД, якое паказала пагаршэнне сытуацыі. Раней у яго выявілі анкалагічнае захворванне.
Паводле слоў Кастусёва, асноўныя следчыя дзеянні «завершаны каля трох месяцаў таму». Ён паведаміў таксама, што 27 кастрычніка на ягоную маёмасць наклалі арышт: на кватэру ў Шклове, на гараж і дом у вёсцы.
Рыгор Кастусёў разам з Аляксандрам Фядутам і юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам стаў фігурантам крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».
фото: belmarket.by