Асуджаную на 2 гады пазбаўленьня волі журналістку тэлеканалу «Белсат» Дар’ю Чульцову перавялі ў папраўчую калёнію № 4 у Гомлі «для адбываньня пакараньня».
Пра гэта кіраўніцтва калёніі афіцыйна паведаміла ейнай маці Натальлі Церабіленцы. Паводле словаў жанчыны, у Гомель яе дачку этапавалі 10 чэрвеня. У сям’і ж думалі, што Дар’я там з 4 чэрвеня, бо, па словах ейнай маці, ад дачкі доўга не было вестак.
У гэтай жа калёніі знаходзіцца і калега Чульцовай — Кацярына Андрэева (Бахвалава). Абедзьве былі фігуранткамі справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, і абедзьвюх асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму. Журналістак затрымалі 15 лістапада 2020 году пасьля жывога эфіру зь месца разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску. Іх прызналі палітвязьнямі.
Разам з паведамленьнем Натальля Церабіленка атрымала ад дачкі два лісты. У адным зь іх Дар’я паведаміла, што сама атрымала за дзень 7 лістоў, тэлеграму з рэдакцыі, і «адразу ў яе палепшыўся настрой». У гэтым жа лісьце яна «пахвалілася» маці, што пасьля вячэры прыбірала сталоўку.
«Такой ахайнасьці за мною не назіралася», — адзначыла яна ў допісе і дадала, што такі занятак «тут карысны».
«Пакуль займаесься, думаеш пра сваё, нават рэляксуеш у нейкай ступені, — піша Дар’я маці. — Робіш манатонную справу, і ў гэты ж час думаеш пра нешта добрае, адцягваесься ад усяго гэтага дурдому».
Дар’я родам са Шклова. 20 лютага ёй споўнілася 24 гады. Па словах маці, журналістыку дачка ўпадабала ў старэйшых клясах, родным сказала пра гэта на выпускным. Ейны выбар агаломшыў іх, яе пераконвалі заняцца нечым іншым. Дар’я скончыла факультэт журналістыкі Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова. З тэлеканалам «Белсат» Дар’я пачала супрацоўнічаць у 2019 годзе.
Крыніца: Радыё Свабода