За апошнія два дзесяцігоддзі сярод беларускага чынавенства найвышэйшага ўзроўня склаўся своеасаблівы стыль кіравання краінай і рэгіёнамі. Адной з “фішак” гэтага стылю, дзеля сцвярджэння сваёй значымасці сярод насельніцтва ў пытаннях вырашэння праблемаў рэгіёнаў, з’яўляюцца прыёмы грамадзян.
Імкнецца не адставаць ад сваіх калегаў у гэтым плане і кіраўніцтва Магілёўшчыны.
Так 7-га красавіка 2021 года старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц правёў асабісты прыём грамадзян для жыхароў населеных пунктаў Магілёўскага раёна.
А 8-га красавіка яго цёзка – Леанід Мартынюк – памошнік прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці праводзіў выяздны аналагічны прыём у г.Крычаў.
Дзяржаўныя СМІ ўзахлёб расхвальваюць падобную ініцыятыву чынавенства, прыпадносячы гэта як клопат дзяржавы аб грамадзянах, не цікавячыся надалей вынікамі такіх прыёмаў.
Яскравым прыкладам такіх абыякавых адносінаў чынавенства і дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі да праблемаў грамадзян з’яўляецца, напрыклад, сітуацыя з вырашэннем пытання транспартнага злучэння в.Брускі, Буйнічскага сельскага Савета, Магілёўскага раёна з абласным цэнтрам.
Хоць жыхары Брускоў і звярнуліся ў чарговы раз з гэтай праблемай да старшыні аблвыканкама, і той паабяцаў ім і тут жа даручыў, як гэта прыпадносяць прыўладныя журналісты, “кампетэнтным органам” разабрацца з сітуацыяй і забяспечыць вяскоўцаў грамадскім транспартам, у людзей з даўніх часоў застаецца недавер да такіх абяцанняў прадстаўнікоў улады і дзяржаўных СМІ.
Таму жыхары в.Брускі з надзеяй на дапамогу і звярнуліся ў рэдакцыю “Магілёўскага рэгіёна”.
А не давяраць чыноўнікам у вяскоўцаў ёсць нагода і шмат прычынаў.
Бо праблема з забяспячэннем жыхароў вёскі грамадскім транспартам, нягледзечы на падобныя шматлікія абяцанні чыноўнікаў, зацягваецца ўжо не на адзін год.
Яшчэ 17 чэрвеня 2011 года, напрыклад, у час прыёму грамадзян па асабістых пытаннях у Буйнічскім сельскім Савеце, які праводзіў тагачасны старшыня Магілёўскага раённага выканаўчага камітэта Д.Д. Гобараў у прысутнасці старшыні сельвыканкама, стараста вёскі Хомчанка ад імя вяскоўцаў звярнуўся да чыноўніка з гэтым праблемай.
І, як тады прыпадносіла гэтую інфармацыю Магілёўская раённая газета Прыдняпроўская Ніва, праз тры дні – 20-га чэрвеня 2011 года на планёрцы Д.Гобараў абмеркаваў усе звароты грамадзян, паступіўшыя да яго ў час прыёму, са спецыялістамі, адзначыўшы, што ўсе пытанні павінны быць вырашаны, у тым ліку і пытанне па транспартнаму злучэнні в.Брускі з абласным цэнтрам.
З тае пары прайшло ўжо амаль 10 гадоў. За гэты час Гобараў пабываў на пасадах памошніка прэзідэнта – інспектара па Брэсцкай вобласці і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Рэспублікі Беларусь, у вобласці і раёне змяніліся не па аднаму старшыні аблвыканкама і райвыканкама, а праблема з грамадскім транспартам для вяскоўцаў засталася на тым жа ўзроўні, што і 10 гадоў назад.
Наколькі старшыня аблвыканкама Л.Заяц і памошнік прэзідэнта Л.Мартынюк адказныя за свае абяцанні перад жыхарамі вобласці – пакажа час.
Рэдакцыя “Магілёўскага рэгіёна” са свайго боку абяцае чытачам адсочваць сітуацыю ў развіцці падзей вакол зваротаў грамадзян да чыноўнікаў і напамінаць раз ад разу кіраўніцтву вобласці аб іх абяцаннях, каб падобныя праблемы зноўку не зацягваліся на дзесяткі гадоў.
Макс Баравік.