Наша зямлячка Зоя Брук пераехала ў Ізраіль і стала адным з лепшых прафесійных экскурсаводаў па святой зямлі. Трыгерам яе ад’езду з Магілёва стала перамога ў 1994 годзе на выбарах аднаго дырэктара саўгаса. У Ізраілі яна знайшла сябе і ва ўмовах пандэміі, калі турызм перажывае крызіс, не губляе аптымізму. Летась Зоя прэзентавала кнігу “Непрыгожых не бывае”. Яе лёс паказвае, што ніколі не позна ўсё пачынаць нанава.
Нарадзілася Зоя ў горадзе Магілёве. Дзяцінства яна правяла ў Кахахстане, потым скончыла Саратаўскі ўніверсітэт і вярнулася ў Магілёў. Яна працавала ў абласной інспекцыі па ахове прыроды Беларусі, чаму паспрыяла яе біялагічная адукацыя. Магла рабіць кар’еру тут, але пераехала ў Ізраіль і не шкадуе.
Па жыцці Зоя Брук заўжды любіла падарожнічаць, вучыцца і размаўляць. Таму пасля ад’езду з Магілёва і некалькіх змен прафесій у Ізраілі, яна па водгуках калег і турыстаў стала адным з лепшых прафесійных гідаў краіны.
Як прафесійны магілёўскі біёлаг, спецыяліст па ахове наваколля можа стаць гідам? У нейкі момант Зоя задала сабе пытанне, што яна хоча і што любіць? Паразважаўшы зразумела, што больш за ўсё на свеце любіць рабіць тры рэчы: пазнаваць новае, вандраваць і распавядаць гісторыі. Падумаўшы яна зразумела, што прафесія гіда – лепшае, што можна прыдумаць для таго, каб усё гэта сумясціць.
Цяпер пані Брук прапануе гасцям Ізраіля разам з ёй паспрабаваць зразумець краіну… Паспрабаваць на смак; адчуць разнастайныя водары; пачуць рознагалоссе прыслоўяў, меркаванняў, рэлігій; прыгледзецца ў твары людзей і ў твары камянёў. “Калі вы захочаце пабадзяцца па гэтай, бясконца мне дарагой краіне менавіта так, то знойдзеце ўва мне вернага саюзніка – і правадыра”, – піша Зоя на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Яна ўмее захоплена распавесці пра нянавісць і каханне, сяброўства і здраду, велікадушнасць і ганьбу. Пра прадметы, якія, аказваецца, могуць быць самымі аб’ектыўнымі сведкамі, калі мы здолеем іх пачуць. Пра габрэяў, хрысціян, мусульман, пра самых розных людзей, лёсы якіх звязаліся ў тугі клубок у Ізраілі, а нітачкі з гэтага клубка цягнуцца да нас – прычым, часам самым мудрагелістым чынам.
Зоя Брук жыве ў Ізраілі ўжо 23 гады. Успаміны пра былую радзіму не адпускаюць спадарыню Зою і цяпер. У 1995 годзе па законе аб вяртанні яна прыехала ў Ізраіль з 3-гадовай дачкой Лізай на руках. Галоўная прычына – лукашэнкаўскі рэжым. На Магілёўшчыне строгі інспектар абласной інспекцыі па ахове прыроды правярала ўсе прадпрыемствы і гаспадаркі вобласці, У тым ліку, саўгас, дырэктарам якога быў Аляксандр Лукашэнка. Як распавяла на партале novayagazeta 31 жніўня 2018 сама пані Зоя: “…проста ванітавала, надакучыла жыць у рэжыме “ваеннага часу”: веерныя адключэнні электрычнасці, неасветленыя вуліцы… Прыход Лукашэнкі да ўлады быў апошняй кропляй. А Лукашэнку я ведала яшчэ з моманту яго дырэктарства. З фермы ўвесь час плыў гной у раку. Я сказала сабе: “Не можа быць прэзідэнтам краіны чалавек, які не можа прыбраць гной з адной фермы.” У прынцыпе мне было ўсё роўна, куды ехаць. Галоўнае – павезці Лізку, каб яна не расла ў гэтым усім. Гэта потым мы з Ізраілем адно аднаго знайшлі”. Яе дачка Ліза ўжо адслужыла ў ізраільскай арміі і заканчвае ўніверсітэт (будзе даследчыкам-медыкам). Сама Зоя – дыпламаваны і запатрабаваны гід. А Лукашэнка па-ранейшаму ў Беларусі ва ўладзе – так што не варта пытацца, ці шкадуе Зоя, што з’ехала.
Жыць у Ізраілі гіду не так і проста. Людзі яе прафесіі – у асноўным самазанятыя на правах фрылансераў і самі рэгулююць сваю працоўную занятасць. Гіды ведаюць, што такое беспрацоўе. Яны перажылі інтыфаду, некалькі войнаў, калі ніякага турызму ўвогуле не было. Невыпадкова Зоя Брук, якая працуе гідам у Ізраілі з 2013 года, заўсёды адкладае частку заробку на зберажэнні, бо наступны заробак можа быць не вельмі хутка.
Але з каранавірусам атрымалася інакш. Ізраільская дзяржава, якая раней ніколі не падтрымлівала фрылансераў, раптам паведаміла, што трэба рэгістравацца ў Службе працаўладкавання і падаваць заяву на дапамогу па беспрацоўі. Яна разлічвалася па заробку 2018 года і была для Зоі адносна невялікай, але ў сітуацыі, калі яна засталася зусім без сродкаў, гэтыя грошы былі сур’ёзнай нечаканай і прыемнай падмогай. Дзяржава вырашыла нас падтрымаць, і, шчыра кажучы, гэта стала выратаваннем.
А сам каранцін аказаўся для Зоі Брук вельмі плённым. З яе словаў, яна ніколі так шмат часу не ўдзяляла самаадукацыі. Для гэтага ў Ізраілі створаны ўсе магчымасці. У інтэрнэце з’явілася вялізная колькасць вельмі цікавых лекцый. Як толькі каранцін скончыўся, гіды пачалі ў рамках узаемадапамогі і навучання даваць майстар-класы адзін аднаму. Зоя вельмі спадзяецца, што дзякуючы вакцынацыі турызм адродзіцца.
Выкарыстала Зоя час пандэміі і для творчай працы па напісанню і выданню кнігі “Непрыгожых не бывае” пра самыя розныя жывыя істоты з гарэзлівымі, дасціпнымі каментарамі.
Лёс Зоі Брук паказвае, што ніколі не позна ўсё пачынаць нанава.