Начныя экскурсіі, графіці з беларускім арнаментам, крэатыўнае месца для адпачынку – вось чаго не хапае Магілёву, на думку выпускнікоў школы гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца».
Цягам 5 месяцаў простыя гараджане наведвалі заняткі ў школе па ўрбаністыцы, каб навучыцца ператвараць свае ідэі ў паўнавартасныя праекты і самастойна рэалізаваць іх на карысць роднага гораду. Вынік гэтага навучання падвялі на выпускным вечары школы.
- Начныя экскурсіі
Пра сваю ідэю Дана Мікуліч кажа:
«Уначы ў горадзе ўсё зачынена, пайсці няма куды, але не ўсе людзі спяць. Некаторыя з задавальненнем пойдуць гуляць у цемру, каб пабачыць горад з іншага боку. Начныя экскурсіі для Магілёва – новы від баўлення часу. Сваю першую начную экскурсію мы зладзім 28 чэрвеня 2018 года на дзень гораду».
- Стыкеры «Магілёў» для «Telegram»
Іншыя выпускнікі «Цяпліцы» збіраюцца стварыць стыкеры Магілёва для мабільнага мэсэнджара «Telegram». Іх галоўная мэта – папулярызацыя гораду. У выніку павінна атрымаецца калекцыя з 15 стыкераў-эмоцый, якія адпавядаюць розным настроям. Магчыма, будзе некалькі калекцый. Аўтары ідэі ў якасці выявы для стыкераў разглядаюць выключна знакамітыя мясціны і будынкі гораду.
- Арт-аб’ект «Кніжная шафа»
У грамадскіх месцах Магілёва плануецца стварыць зоны адпачынку для аматараў чытання. Галоўны аб’ект – шафу з палічкамі для кніг прапануецца ўсталяваць проста на вуліцы, каб кожны мог прынесці туды сваю кнігу і ўзамен узяць чужую. Побач з шафай плануецца ўсталяваць два стулы і стол.
- Графіці з арнаментам
Праект «Арнамент City» прадугледжвае стварэнне арт-аб’екта на вулічных прыступках. Каб упрыгожыць гарадскую прастору, выпускнікі школы вырашылі нанесці на прыступкі элементы беларускага арнаменту. Яны мяркуюць, што ў горадзе амаль адсутнічае нацыянальны каларыт, а таксама веды ў людзей пра яго. З дапамогай графіці неабыякавыя хочуць выправіць сітуацыю. Калі праект збярэ добрыя водгукі, то яго паўтораць у іншых месцах.
- Візуальныя лекцыі пра арнамент
Праект «Арнамент Style» звязаны з папярэднім. У фармаце адкрытай лекцыі людзі атрымаюць веды пра нацыянальны арнамент. Усяго запланавана правесці тры візуальныя лекцыі, на якіх гараджанаў пазнаёмяць з гісторыяй узнікнення і выкарыстання беларускага арнаменту, а таксама дапамогуць уласнаручна намаляваць некаторыя сімвалы.
- Парклет
«Парклет laukastory» – гэта не проста лаўка, а цэлая зона адпачынку ў Магілёве. З дрэва ўласнаручна будзе створаная канструкцыя для адпачынку. Яе ўсталююць у новым парку «Падміколле» на беразе Дняпра. Аўтары ідэі абралі малапрыметнае месца ў горадзе, каб ажывіць яго і прыцягнуць да яго ўвагу. Для размалёўкі дэталяў парклета запросяць дзяцей з прытулкаў.
«Людзі прыйшлі выразіць сябе, мы іх натхняем»
«Усе прадстаўленыя сёння праекты будуць рэалізаваныя цягам бліжэйшых трох месяцаў. Нашыя выпускнікі прайшлі цэлы курс гарадскога актывізму, у іх былі заняткі па напісанні праектаў, па планаванні, іх рэалізацыі, па краўдфандынгу, па працы са СМІ і г.д. Але галоўнае: мы вучылі сваіх студэнтаў быць актыўнымі, не кідаць сваю ідэю, а даводзіць яе да канца», – кажа дырэктар Цэнтру гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.
Юрый СтукалаўПасля навучання студэнты мусяць здаць іспыт, то бок выкарыстаць усе атрыманыя веды для рэалізацыі асабістага праекту.
«Да нашай школы гэтыя людзі не былі актывістамі. Яны прыйшлі сюды, каб выразіць сябе праз ідэі. Мы ім дапамагаем, натхняем. У выніку атрымалася некалькі адукацыйных, інфраструктурных і візуальных праектаў. Большасць будзе зроблена сіламі саміх выпускнікоў і нашых актывістаў, але для кожнага праекту спатрэбіцца ўзгадненне з уладамі і крыніцы фінансавання», – працягвае Юрый Стукалаў.
Праекты «Цяпліцы» мінулых гадоў
Цэнтр гарадскіх ініцыятыў у Магілёве ўжо трэці раз ладзіць школу «Цяпліца». Запісацца ў яе можа любы жадаючы, усе заняткі бясплатныя і праводзяцца экспертамі ў галіне ўрбаністыкі. У мінулым выпускнікі школы гарадскіх ініцыятыў рэалізавалі ў Магілёве праекты:
- «Вершы на сценах» – калі ў цэнтры гораду з’явіліся вершы беларускіх паэтаў, «Кіно на вольным паветры» – калі гараджанаў запрашалі на бясплатныя кінапрагляды ў этнахутар
- «Гарадскія джунглі» – праект па азеляненні аднаго асобна ўзятага двара
- «Сляды на асфальце» – танцавальныя схемы пад нагамі ў розных месцах гораду і іншыя.
Фота: belsat.eu
АС, belsat.eu