Мая маленькая радзіма… У кожнага чалавека гэта нешта сваё… Для аднаго — непрыкметная вёсачка, для другога — вялікі шумны горад.
Мая радзіма — невялічкі гарадскі пасёлак Хоцімск. Тут я нарадзіўся, убачыў першыя сонечныя прамяні і ўсмешкі блізкіх людзей, пачуў шолах травы і лісця, спевы птушак і голас мамы. Тут жа зрабіў першыя крокі ў гэтым жыцці, навучыўся чытаць, пісаць, думаць, любіць і паважаць. Тут маё сэрца і душа, сваякі і сябры.
Мой Хоцімск — самая усходняя кропка Магілёўскай вобласці і Беларусі — за ім пачынаецца мяжа з Расіяй.
На нашай Хоцімшчыне жыве нямала ганаровых людзей, адзначаных дзяржаўнымі ордэнамі, медалямі, граматамі. Яны самааддана працуюць на карысць дзяржавы і сваёй малой радзімы. Яны служаць прыкладам працавітасці, улюбёнасці ў справу, якой прысвяцілі жыццё.
Адзін са славутых людзей Хоцімшчыны — настаяцель сабора Святой Троіцы — архімандрыт Кірыл, чалавек, які ўнёс вялізны ўклад у развіццё духоўнасці на Хоцімшчыне.
Землякі паважаюць святара не толькі за адраджэнне велічнага праваслаўнага храма, але і за тое, што 60 год свайго жыцця гэты незвычайны чалавек прысвяціў служэнню Богу і жыхарам Хоцімска.
Звернемся ж да біяграфічых старонак архімандрыта Кірыла.
25 чэрвеня 1929 года ў Брэсцкай воласці маладая жанчына прыехала на вяселле брата. Хоць і цяжарная, яна не магла прапусціць значную сямейную падзею і адправілася на вянчанне ў царкву. Трывала, колькі магла, пакуль не вырашыла бегчы да фурманкі з саломай. Не паспела — хлопчык нарадзіўся ў прытворы царквы. Можа, менавіта гэтая падзея вызначыла далейшы лёс Аляксея Бадзіча, які стаў архімандрытам Кірылам?
Сялянская сям’я жыла ў Ражковічах. У школу малыя хадзілі пасля Пакрова і да Вялікадня, таму што ўвесь астатні час трэба было дапамагаць дарослым на палетках.
— З першага класа нам выкладалі Закон Божы, — узгадвае сёння айцец Кірыл. — Да католікаў прыходзіў ксёндз, да праваслаўных — свяшчэннік. Не ведаю чаму, але мяне з самага ранняга дзяцінства ўвесь час цягнула ў царкву.
Да 1939 года вёска жыла пры польскай уладзе, з прыходам савецкай улады ўсё перамянілася. Заможныя сяляне адразу сталі ворагамі народа, іх раскулачвалі. За краты трапіў дзед будучага святара, два сыны якога падаліся на заробкі на Кубу і ў Аргенціну.
На сваім жыццёвым шляху бацюшка шмат рознага гора пабачыў. Калі пачалася вайна, яму было ўсяго 12 гадоў, жыў ён з бацькамі недалёка ад Брэста.
— Было вельмі страшна, — успамінае ён. — Усе казалі, што вайны не будзе, а між тым будавалі вялікі аэрадром недалёка ад мяжы. Было задзейнічана мясцовае насельніцтва, працавала шмат зняволеных з ліку тых, хто быў асуджаны за спазненне на працу на 5 хвілін, іншыя дробныя правіннасці.
У памяці айца Кірыла засталіся ваенныя жахі, калі ў яго на вачах гінулі ні ў чым невінаватыя людзі. Колькі салдат палягло, страшна падумаць! Хата і ўся маёмасць Бадзічаў пагарэла, жыццё пасля вайны давялося пачынаць зноўку.
— Мяне забралі ў фабрычна-завадскую вучэльню, — узгадвае архімандрыт мінулыя часіны. — Там вучылі рамёствам — мулярству ды цяслярству, але ўмовы былі жорсткія. Нас завезлі ў Чыту, каб мы працавалі на шахтах. Мы там пабылі троху, а потым палічылі за лепшае збегчы дадому. Нас расшукала пракуратура, але выратавала тое, што мы не ўзялі з ФЗВ анічога — ні адзежы, ні бялізны.
Ён ужо быў паслушнікам у Жыровіцкім манастыры, калі прыйшоў час ісці ў армію. За тым часам і гаворкі не магло ісці пра тое, што службе могуць перашкодзіць рэлігійныя перакананні. Маладога чалавека, які схіляўся да царквы, без лішніх размоў накіравалі ў Хабараўск, у будаўнічы аэрадромны полк.
— Праца была цяжкая — трэба было разгружаць вагоны з каменнем і працаваць у кар’еры, але мне потым пашанцавала трапіць на рэчавы склад, — успамінае айцец Кірыл. — І калі ў Карэі завязалася вайна, я трапіў на гэтыя ваенныя дзеянні. Некаторыя хлопцы з нашай часткі так і не вярнуліся дадому, а я вось застаўся цэлы.
Нягледзячы на шырокую антырэлігійную прапаганду ў арміі («Калі б заўважылі крыжык на шыі, то галаву адарвалі б!»), вайскоўцы ўсё ж ставіліся з павагай да вернікаў, давяралі ім. Нездарма семінарскія хлопцы, узгадвае архімандрыт, станавіліся пісарамі і кладаўшчыкамі.
Малады чалавек вярнуўся з войска дадому: маці з дзецьмі жыла ў адбудаванай пасля вайны халупе, а бацька сядзеў за кратамі як зяць кулака. Сын жа свядома паступіў у духоўную семінарыю і добра там вучыўся.
— Я загадваў у Жыровіцкім манастыры рызніцай, стаў кладаўшчыком царкоўнай адзежы, навучыўся выдатна шыць, — расказвае архімандрыт. — Мне там было добра, я ніколі і не меркаваў сыходзіць адтуль. Аднак пры Хрушчове манастыр гвалтоўна разагналі, і я апынуўся літаральна на вуліцы. Уладкаваўся ў сельскай царкве на Міншчыне, дзе меў знаёмых. Вырашыў прыняць сан свяшчэнніка і ажаніцца. Пасвяцілі ў Мінску, а прызначэнне атрымаў у Хоцімск, «мядзвежы кут» за чатыры сотні кіламетраў ад сталіцы.
У 1958 годзе, амаль 58 гадоў таму, святар з маладой жонкай Марусяй прыехаў на месца службы. Нягледзячы на тое, што жонка была з рэлігійнай сям’і, жыццё ў маладых не зладзілася. Хутка жанчына з’ехала, сужэнцы развяліся. І хоць развод стаў прадметам абмеркавання ўсяго Хоцімска, святар цвёрда вырашыў застацца тут са сваёй паствай.
У савецкія часы, будучы служачым святаром, працаваў печніком, трымаў 200 галоў свойскай птушкі. Выхаваў 8 прыёмных дзяцей, якія зараз служаць у храмах Расіі і Беларусі.
Спачатку Кірыл з вернікамі вырашылі адрамантаваць невялікую драўляную царкву на могілках. Гэта цяпер Свята-Пакроўская царква. Яна была цэнтрам рэлігійнага жыцця ў Хоцімску, засталася цэлая. Праўда, мала хто ведае, чым давялося ахвяраваць святару.
— Прыехаў упаўнаважаны па рэлігіі, і я, каб царкву пакінулі ў спакоі, аддаў яму свой залаты нацельны крыж з ланцугом, дарэвалюцыйнае выданне поўнага збору твораў Льва Талстога і старадаўні пярсцёнак, якія вырабілі хоцімскія майстры, — пералічвае архімандрыт. — Мне той пярсцёнак падаравалі ўраджэнцы Хоцімска браты Блажко, адзін з якіх быў вядомым савецкім астраномам: вырабленая з чырвонага золата змейка кусала сябе за хвост, а вокам яе быў белы дыямент. Ну і 1000 рублёў у кішэню ўпаўнаважанаму.
У гонар 50-годдзя вызвалення Хоцімска бацюшка пабудаваў Свята-Прэабражэнскую царкву, дзе кожную суботу служыць паніхіды па воінах, што загінулі ў гады вайны і падчас выканання воінскіх абавязкаў. Перад вачыма — фаліянт, які па вокладцы нагадвае Евангелле. «Калісьці ў савецкі час я купіў кніжку вялікіх памераў, а зараз прыстасаваў яе для добрай справы». У спісе, які ён склаў, 11 тысяч імёнаў; дарэчы, у самаробнай кнізе 140 старонак. Але спіс папаўняецца і зараз, а збіраць звесткі дапамагаюць ваенкамат і пашукавікі.
Усё ў гэтай Кнізе сістэматызавана: адразу бачна, калі чалавек загінуў, адкуль ён родам. Імёны воінаў, забітых у Афганістане, тых, хто памёр ад ран пасля службы…
— У асобныя дні памяці — 11 верасня, 9 мая — мы молімся агульна за ўсіх салдат, а па пятніцах толькі за нашых, хоцімскіх.
У планах айца Кірыла зрабіць яшчэ адну Кнігу памяці, куды ўвойдуць імёны людзей, якія пацярпелі пры раскулачванні. Як гэта адбывалася, ён добра ведае. І колькі сярод іх было па-сапраўднаму працавітых людзей, ведае таксама.
Збіраць старадаўнія кнігі ён пачаў яшчэ ў гады Савецкай улады, калі за «няправільную» літаратуру маглі і пад суд аддаць.
Царкоўная бібліятэка ўражвае. Уздоўж сцен вялікага пакоя стэлажы, знізу даверху запоўненыя кнігамі, часопісамі, газетамі. Літаратура на любы густ — дзіцячая, энцыклапедычная, гістарычная. Ёсць фаліянты, якія, мяркуючы па памерах, важаць, як мінімум, кілаграмаў 10.
15 гадоў таму спраўдзілася яшчэ адна мара Кірыла: пры саборы адчынілася нядзельная школа для дзяцей. Сёння там вучыцца каля паўсотні малых.
— Канешне, мы вучым дзяцей паважаць сваіх бацькоў, — гаворыць іх настаўнік. — Каб не сваволілі ў школе, а добра вучыліся. Каб шкадавалі старых і саступалі ім месца ў аўтобусе. Каб з любоўю і павагай ставіліся да расліннага і жывёльнага свету, прыроды і кветак.
Пры школе ёсць добры хор, які браў удзел у Магілёўскім міжнародным фестывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа».
У Хоцімску ў верасні праходзіць фестываль «Хоцімскія перазвоны». Фестывальнай пляцоўкай у сёмы раз стала званіца і прыхрамавая тэрыторыя Свята-Траецкага сабора.
Пра хоцімскага бацюшку ведаюць нават за межамі Беларусі. На пачатку 2013 года Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт уручаў яму ордэн Свяціцеля Кірылы Тураўскага другой ступені, разам з узнагародай перадаў прывітанне і посах ад Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Посах — асабісты дар, знак вышэйшай патрыяршай улады. Дарэчы, з хоцімскім падзвіжнікам Патрыярх быў знаёмы яшчэ да таго, як той заняў гэтую высокую пасаду.
Архімандрыту Кірылу (Аляксею Бадзічу) была выказана падзяка ад Мінскай духоўнай вучэльні за працу па адраджэнню і захаванню традыцый перазвону і культурнай спадчыны Беларусі.
У 2002 годзе, будучы ўжо архімандрытам, айцец Кірыл атрымаў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». У 2005, а затым і ў 2013 i ў 2016 гадах райвыканкам уганараваў настаяцеля Свята-Троіцкага сабора званнем «Чалавек года», у 2009 годзе — ганаровай граматай «За вялікі ўклад у духоўнае адраджэнне». Усе прэміі настаяцель выдаткаваў на добраўпарадкаванне храма. У 2014 годзе быў узнагароджаны ордэнам «За добрыя справы» міжнароднага гісторыка-літаратурнага часопіса «Странникъ». У 2017 годзе быў адзначаны Падзякай раённага выканаўчага камітэта за самаахвярную службу на карысць духоўнага развіцця жыхароў нашага ўсходняга краю, за альтруізм і высокую маральнасць.
За вялікі ўклад у маральна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення архімандрыт Кірыл быў узнагароджаны медалем «60 гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне». Ён з’яўляецца пачэсным грамадзянінам Хоцімска.
За сваю працу айцец Аляксій Бадзіч узнагароджаны медалём Вялебнага Сергія Раданежскага і ордэнам роўнаапостальнага князя Уладзіміра III ступені.
Шэсцьдзясят гадоў пастырства… Дзесяцігоддзі цяжкай працы пад шквалам зневажанняў і абраз. Архімандрыт Кірыл вытрымаў усе выпрабаванні з гонарам і ўрэшце рэшт мара яго збылася. У саборы ён з’яўляецца і архітэктарам, і забеспячэнцам, і прарабам, і будаўніком. Вакол сабора з вясны да восені — мора кветак, у якім ён літаральна патанае. У гэтым таксама заслуга настаяцеля, які аддае нямала часу кветкаводству. Сабор стабільна займае прызавое месца пры штогадовым падвядзенні вынікаў раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванню і культуры ўтрымання аб’ектаў. Зараз абноўлены яго іканастас, і цяпер ён, чатырох’ярусны, велічна ззяе пазалотай ў сонечных промнях.
Вось уражжанні аб гэтым чалавеку Наталлі Парфёнаўны Бяляевай, настаўнiцы рускай мовы i лiтаратуры СШ №2, г.п. Хоцімска:
«Кажуць, «святар — пасрэднік паміж чалавекам і Богам», і разважаць парафіяніну пра асобу святара не прыстала. Бацюшка больш за 50 гадоў служыць Богу і моліцца за людзей на Хоцімскай зямлі, а значыць, стаў родным чалавекам, калі так можна сказаць, для многіх хацiмчан і для нашай сям’і.
Ён строгі і міласэрны, цярплівы, клапатлівы, празорлівы, вельмi шмат працуе. Сваім адраджэннем Свята-Троіцкі сабор, жамчужына Хоцімска, абавязаны намаганням, у першую чаргу, бацюшкі. Памятае пра кожнага, каго хрысціў, а такіх дзяцей ужо каля 45000. Ён не толькі Ганаровы грамадзянін Хоцімска, захавальнік гісторыі краю, ён сам — жывая гісторыя…»
Добра яго ведаюць і Алена Іванаўна Балыка, кіраўнік дзіцячага царкоўнага хору i ўдзельнiкi хору:
«З настаяцелем Свята-Траецкага сабора асабіста я знаёмая вельмі даўно, памятаю яго з дзіцячых гадоў, калі яшчэ мяне прыводзілі на службу ў стары Свята-Пакроўскі храм. А блізка маю зносіны з бацюшкам амаль 15 гадоў. За гэты час я шмат адкрыла для сябе, даведалася аб жыцці бацюшкі, аб яго працы, пачула мноства розных павучальных гісторый, апавяданняў з яго жыцця. Служба ў царкве — гэта яго жыццё. Падумаць толькі — не прапусціў ні адной службы, не хадзіў у адпачынак. А службы амаль кожны дзень (акрамя панядзелка і аўторка). І нават нягледзячы на свой сталы ўзрост, ён не лянуецца, ўстае, ідзе служыць.
Бацюшка — добрай душы чалавек, з багатым унутраным светам. Ён увесь напоўнены невычэрпнай крыніцай энергіі, цярплівы і працавіты, яму хочацца паспець зрабіць шмат, нешта набыць для храма, аб нечым новым даведацца. Вельмі любіць чытаць. Сабраў вялізную бібліятэку, вельмі даражыць ёю, многія кнігі яму дасталіся з цяжкасцю. Бацюшка па натуры збіральнік. Усё, што ў храме, — яго заслуга. Званы, старадаўняе царкоўнае ўбранне, іконы…Усё для храма, усё ў храм — і нічога для сябе. Ён жыве вельмі сціпла, задавольваецца малым. Бяссрэбранік».
Аляксей КОРЖЫЧ, студэнт Беларускай сельгасакадэміі
* Гэты нарыс атрымаў першае месца ў раённым (горацкім) літаратурным конкурсе «Зямлі маёй чароўныя напевы».
Крыніца: “Зямля і людзі”