Былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Горацкай выбарчай акрузе №82, жыхар Дрыбіна Андрэй Юркоў атрымаў позву з суда Дрыбінскага раёна.
Андрэй ЮркоўГрамадскага актывіста выклікаюць у суд 13 снежня к 10 гадзінам раніцы ў якасці асобы, у адносінах якой вядзецца адміністрацыйны працэс па ч.2 арт. 17.11 КаАП Рэспублікі Беларусь (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
Пра гэта сам Андрэй Юркоў паведаміў у сваім фэйсбуку.
28 лістапада супрацоўнікі міліцыі склалі адміністрацыйны пратакол на грамадскага актывіста з Дрыбіна Андрэя Юркова. Падставай для складання пратакола паслужыла тое, што ён паставіў дызлайк пад матэрыялам у сацыяльнай сетцы “Одноклассники”.
У пратаколе, у прыватнасці, пазначалася, што “Юркоў А. знаходзячыся ў Дрыбіне, у перыяд часу з 26 верасня па 19 лістапада 2019 года, з’яўляючыся карыстальнікам сацыяльнай сеткі “Однокласснікі”…. размясціў у стужцы інфармацыйную прадуцыю, унесеную у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, што дазваляе… свабодна яе распаўсюджваць”.
Сам Андрэй Юркоў з выстаўленымі міліцыянерамі абвінавачваннямі не пагадзіўся. Ён напісаў у пратаколе, што нічога не размяшчаў на сваёй старонцы, а проста паставіў дызлайк пад матэрыялам.
Інкрымінуемае Юркову правапарушэнне цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета правапарушэння, а таксама прылад і сродкаў здзяйснення ўказанага парушэння або без канфіскацыі, або адміністрацыйны арышт з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.
Андрэй Юркоў – добра вядомы ў Дрыбіне, Мсціславе і Горках грамадскі актывіст. На парламенцкіх выбарах 2019 года ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Горацкай выбарчай акрузе №82. Згодна афіцыйнай інфармацыі ЦВК, падчас гэтых выбараў за А.Юркова аддалі свае галасы 3 554 выбаршчыкі, што складае 7.21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Фота з фэйсбуку Андрэя Юркова
Ірына Беганкіна