Горкі з’яўляюцца адным з самых вялікіх гарадоў Магілёўскай вобласці, у якім жыве больш за 30 тысячаў чалавек. На памеры горада натуральным чынам паўплывала адкрыццё ў 1840 годзе Горыгорацкай земляробчай школы, якая з 1848 года набыла статус вышэйшай навучальнай установы. Напрыклад, менавіта ў Горках дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафесара батанікі, па праекце італьянскага архітэктара А.Кампіёні на тэрыторыі Горацкага інстытута быў закладзены дэндрарый.
У 1857 годзе таксама адбылася дастаткова значная падзея: у Горках быў утвораны легальны прафесарска-студэнцкі клуб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытанні і будучую сялянскую рэформу па адмене прыгоннага права. Усё гэта прывяло да таго, што Горкі ператварыліся ў досыць значнае паселішча, якому 26 снежня 1861 года быў нададзены статус горада, які стаўся цэнтрам павета.
Між іншым значнасць горада не знікла і з усталяваннем савецкай улады, бо ў 1921 годзе быў пабудаваны будынак чыгуначнай станцыі «Беларускія Горкі», якая з 1930 г. была перайменавана ў «Пагодзіна». Гэта найменне станцыя захоўвае да цяперашняга часу. Варта адзначыць, што з 1926 года ў Горкі пераязджае знакаміты беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння і фалькларыст Максім Гарэцкі. Ён, дарэчы, енекалькі год працаваў у Горацкай сельгасакадэміі на пасадзе загадчыка кафедры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі.
Горкі з’яўляюцца значным горадам на прасторах Магілёўскай вобласці і цяпер. Горад перадусім адметны як рэгіянальны адукацыйны цэнтр, які мае даўнія і багатыя традыцыі навучання. На сённяшні дзень у Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі навучаецца больш за 13 тысяч студэнтаў па 26 спецыяльнасцям. На 61 кафедры 13 факультэтаў, у тым ліку 4 факультэта завочнай формы навучання.
Алесь Крыжэвіч