Суд Дрыбінскага раёна 4 студзеня 2021 года пакараў мясцовага грамадскага актывіста Андрэя Юркова 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Да гэтага са жніўня мінулага года Юркоў ужо адседзеў 62 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыях пратэсту.
Дрыбінскія і горацкія актывісты не ведаюць, за што канкрэтна атрымаў свае чарговыя суткі Юркоў на гэты раз, бо на судзе ніхто з іх не прысутнічаў. Не атрымалася патрапіць на суд у Дрыбіне і сваякам Андрэя. У зал суда Юркова даставілі прама з ІЧУ, дзе ён адбываў папярэдняе пакаранне ў 5 сутак адміністрацыйнага арышту, таксама накладзенае судом Дрыбінскага раёна.
Сябры Юркова зараз мяркуюць, што падставай для чарговага арышту 4 студзеня зараз стала відэа, якое напярэдадні новага года актывіст выклаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. На відэа актывіст на лыжах у бел-чырвона-белым шаліку выказвае ўпэўненасць у немінучай перамозе. Раней горацкія сябры Юркова схіляліся да думкі, што менавіта за гэта відэа Андрэй быў перад новым годам пакараны 5 суткамі арышту. У любым выпадку, даведацца пра сапраўдныя прычыны затрыманняў можна будзе толькі пасля вызвалення актывіста.
Нагадаем, што за ўдзел у акцыях пратэсту Андрэя Юркова ў лістападзе мінулага года звольнілі з працы ў вучгасе БДСГА ў Горках.
Андрэй Юркоў – вядомы ў Горках, Дрыбіне і Мсціславе грамадскі актывіст. Ён неаднаразова удзельнічаў у выбарчых кампаніях рознага ўзроўню. На парламенцкіх выбарах 2019 года, згодна дадзеных ЦВК, за А.Юркова прагаласавала 7,21% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў акругі.
Іван Барысаў