Галоўная » Былы старшыня Горацкага райвыканкама стаў дырэктарам Гарадзейскага цукровага камбіната

Былы старшыня Горацкага райвыканкама стаў дырэктарам Гарадзейскага цукровага камбіната

У свой час Ігар Макар працаваў у Горках старшынёй мясцовага райвыканкама і пакінуў пасля сябе нядрэнныя ўражанні.

Гарадзейскі цукровы камбінат пасля паўзы атрымаў новага дырэктара. Ім стаў былы першы намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Ігар Макар, паведамляе прэс-служба канцэрна “Белдзяржхарчпрам”.

Гэта першае прызначэнне новага кіраўніка на цукровыя заводы пасля пачатку “цукровай справы”, піша «Еўрарадыё”.

Каля 20 гадоў дырэктарам Гарадзейскага камбіната быў Міхаіл Крыштаповіч. У студзені 2020 года КДБ затрымаў дырэктараў усіх чатырох беларускіх цукровых заводаў. Іх вінавацяць у атрыманні хабару. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, быццам кіраўнікі беларускіх цукровых заводаў прадавалі сваю прадукцыю ў Расію па заніжаных цэнах.

Ігару Макару 60 гадоў. Ён усё жыццё працаваў у сельскагаспадарчай сферы. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У 2006 годзе стаў старшынёй Нясвіжскага райвыканкама, у 2010-м — старшынёй Горацкага райвыканкама. З 2014-га быў першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама і курыраваў аграпрамысловы комплекс.