На пачатку сакавіка 2020 года на старонках “Магілёўскага рэгіёна” уздымалася праблема аб нездавальняючым стане Шклоўскага гарадскога парка – помніка садова-паркавага мастацтва нацыянальнага маштабу, уваходзячага ў першую дзесятку найлепшых аб’ектаў Беларусі.
З таго часу прайшло ўжо паўтара месяца, і, нарэшце, шклоўскія ўлады вырашылі адрэагаваць на публікацыю і распачалі санітарную высечку засохлых дрэваў.
Але, тое, як гэта робіцца, выклікае сумневы, што тут працуюць адэкватныя людзі з мэтай захавання гістарычнай каштоўнасці. Складваецца ўражанне, што работы праводзяцца па прынцыпу “Слана ў шкляной лаўцы”.
Ні адзін факт валкі сухога дрэва не абыйшоўся без пашкоджанняў побач стаячых – здаровых. А традыцыя вальшчыкаў – спраўляць “хаўтуры” па кожнаму паваленаму дрэву, прывяла да поўнай засмечанасці паўночнай часткі парка.
Мабыць лёс гарадскога парка цалкам перастаў хваляваць жыллёва-камунальны аддзел Шклоўскага райвыканкама і іх калегаў з “Жылкамгаса”, гэтаксама, як і супрацоўнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі разам з падпарадкаванай яму Дзяржаўнай установай культуры “Парк культуры і адпачынку г.Шклова”, размешчанай у раённым доме культуры.
Абыякавасць шклоўскіх чыноўнікаў -“временщиков», прыбыўшых па прызначэнні на розныя пасады ў райвыканкам, праяўляецца як у адносінах да гарадскога парка, так і да іншых гістарычных аб’ектаў Шклоўшчыны, пра якія яны, знаходзячыся на адказных пасадах, магчыма і не ведаюць. А навошта ім ведаць, бо год – два, ды на іншую, новую пасаду.
А гістарычныя аб’екты, унесеныя ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, якія дайшлі да нас з мінулых стагоддзяў, так і застаюцца з году ў год без выкарыстання і дагляду, чакаючы свайго незайдроснага лёсу, якога дачакаўся Шклоўскі гарадскі парк.
Ужо колькі год пустуе будынак былой сінагогі па вул. Дзікуна ў Шклове, пабудаваны ў ХVII стагоддзі.
Больш двух дзесяткаў гадоў не выкарыстоўваецца будынак ХVIII стагоддзя па вул.Савецкай, які раней належаў Успенскаму манастыру.
Яшчэ больш часу мясцовыя ўлады ўсё не могуць вызначыцца з выкарыстаннем будынка ХІХ стагоддзя па вул. Паштовай, дзе ў свой час размяшчалася друкарня.
Засядаючы ва ўтульных кабінетах райвыканкама, або знаходзячыся ў доме культуры, маючы службовыя машыны, чынавенству ў цяжасць стала падняцца з-за сталоў і прайсціся ў парк, каб увачавідкі пабачыць, што там адбываецца.
Дадзены артыкул можна лічыць зваротам грамадскасці г. Шклова да кіраўніцтва Шклоўскага райвыканкама аб неабходнасці прыняцця мераў па выратаванні Шклоўскага гарадскога парка – аб’екта гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Рыгор Кастусёў